Зяленскі ўвёў санкцыі супраць «Беларуськалія» і «Белгазпрамбанка»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне СНБА аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізічных асоб, якіх Расія выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. Сярод іх нямала беларускіх кампаній.

28.01.2023 / 23:43

Як распавёў Зяленскі ў вячэрнім звароце,

актывы прадпрыемстваў, супраць якіх уведзеныя санкцыі, ва Украіне блакуюцца, а наяўная маёмасць будзе выкарыстоўвацца для абароны Украіны.

«Мы будзем працаваць над тым, каб аналагічнае блакаванне было ўжытае і іншымі краінамі», — сказаў Зяленскі.

У спісе прадпрыемстваў, супраць якіх уведзеныя ўкраінскія санкцыі, — «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, Беларуская чыгунка і «Белінтэртранс» як лагістычны цэнтр, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Грузавая служба-Захад», лідская «Лакафарба», «Белгазпрамбанк», ЗТАА «Кронаспан ОСБ», экспартна-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесэкспарт» і іншыя.

Указ Зяленскага апублікаваны на яго афіцыйным сайце.

Nashaniva.com