«Нарэшце гэтага вырадка ўзялі». У чат-рулетцы з'явіўся яшчэ адзін стукач, па чыіх наводках затрымліваюць людзей
Мазырскі правакатар Юрый Комар — не адзіны, хто вылоўлівае ў чат-рулетцы нелаяльных рэжыму. Яго калега — былы міліцыянт, які прыходзіць у ютуб у медалях. Расказваем, што вядома пра яго асобу.
31.01.2023 / 20:45
Ігар Канюшык. Фота: «Аднакласнікі»
Мінчуку Ігару Канюшыку 56 гадоў. Мужчына беспрацоўны, бо мае другую групу інваліднасці. Вядома, што ён праходзіў службу ў Афганістане ў 344-м асобным батальёне аэрадромна-тэхнічнага забеспячэння.
Ігар Канюшык у Афганістане і пасля вайны (у «нулявых»). Фота: «Аднакласнікі» і «Мой Мір»
Пра вайсковую кар'еру Канюшыка нічога не вядома. У сацыяльных сетках мужчыны ёсць некалькі фота з узнагародамі. Акрамя памятных медалёў за вайну ў Афганістане, там ёсць нагрудны знак «Гвардыя» і копія ордэна Чырвонай Зоркі.
На фота відаць не менш за 15 медалёў і ордэн Чырвонай Зоркі. У наземным падраздзяленні мужчына служыў два гады. Скрыншот відэа
Пасля дэмабілізацыі Ігар Канюшык уладкаваўся ў міліцыю. Невядома, да якога звання ён даслужыўся, але ў 1997 годзе быў звольнены за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Пазней атрымаў другую непрацоўную групу інваліднасці.
Мужчына даволі актыўны ў інтэрнэце, а таксама любіць гуляць у камп'ютарныя гульні. Разам з жонкай (невядома, ці яны афіцыйна ў шлюбе) гадуе сына.
Фотасесія сына на фоне дывана ў гонар Дня Перамогі. Фота: «Аднакласнікі»
Разам з сынам 9 Мая. Георгіеўская стужка ў Канюшыка прычэпленая ордэнам Чырвонай Зоркі ці яго копіяй. Фота: «Аднакласнікі»
Адметна, што ў 2011 годзе яго затрымлівалі за ўдзел у «маўклівай» акцыі пратэсту 3 ліпеня. Тады ў інтэрв'ю Расійскай службе навінаў ён казаў:
«Я спрабую змяніць сваё жыццё, жыццё людзей, якія жывуць побач, якія змогуць вольна хадзіць па горадзе, якіх не будуць хапаць проста так з натоўпу. Я хачу паказаць, што ёсць незадаволеныя людзі, не ўсім добра жывецца… У мяне пенсія трохі большая за 100 даляраў.
Я прыйшоў у Дзень Незалежнасці рэспублікі, апрануў свой кіцель з медалямі. Я служыў у Афганістане. Я проста стаяў, мяне ўзялі, завялі ў аўтобус, завезлі ў РУУС. Я сядзеў у аўтобусе 5 гадзін. Гэта нармальная краіна?
Менавіта так Ігар Канюшык выглядаў у 2010-2011 гадах. Фота: «Аднакласнікі»
Я гатовы аддаць сваю пенсію [за дабрабыт сваёй краіны]. Я інвалід другой групы. Каб толькі быць незалежным!»
Але, відаць, погляды мужчыны з часам крута перамяніліся. Ягоныя сацсеткі з 2014 года — гэта скарбніца «ватнай» прапаганды з процьмай георгіеўскіх стужак і падпіскамі на розныя прарасійскія рэсурсы.
А ў 2018 годзе мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён выкраў з камеры захоўвання ў «Еўраопце» каля Кунцаўшчыны (у былой краме «Талін») рэчы невядомай жанчыны на 160 рублёў. Па даных «Чорнай мапы Беларусі», спачатку на яго завялі крымінальную справу, але пазней перакваліфікавалі ў адміністрацыйную.
Канал «Дзед Барадзед», які вядзе Канюшык, на самым пачатку
У публічным полі Ігар Канюшык з'явіўся ў 2021 годзе. Тады ён стварыў ютуб-канал «Дзед Барадзед», у якім правакаваў людзей у чат-рулетцы на розныя выказванні і выкладаў гэта ў сеціва. Праўда, відэа ніколі не былі надта папулярнымі, а ягоныя каналы перыядычна выдаляліся. Мужчына не адчайваўся і ствараў новыя. Літары «з» у апошняй версіі канала замяніў на сімвалы расійскай ваеннай прапаганды Z.
Толькі за апошнія чатыры месяцы Канюшык выклаў на свой ютуб-канал каля 20 відэа з правакацыямі.
У сваіх сацсетках і тэлеграм-канале мужчына глуміцца з смерці беларускіх добраахвотнікаў і радуецца кожнаму затрыманню.
Вядома, што з яго падачы быў затрыманы 23-гадовы Раман Сафонаў з Віцебска. Відэа з хлопцам на канале Канюшыка выйшла 1 снежня. На ім ён выглядае нецвярозым і ў канцы размовы кажа правакатару, што ён быццам «баец Азова» і «будзе спаць з ягонай дачкой». Пасля гэтага да хлопца прыйшоў ГУБАЗіК.
Раман Сафонаў. Фота: «УКантакце»
Адметная рэакцыя самога Канюшыка на затрыманне і здзек з чалавека ў сацсетках.
Скрыншот старонкі Канюшыка ў «Аднакласніках»
Правакатары Канюшык і славуты Юрый Комар знаёмыя паміж сабой, прычым Канюшык пачаў займацца гэтым нават раней. Комар часта дзякуе таварышу за «дапамогу ў мантажы» і піярыць ягоны канал.
Рэклама канала Канюшыка ў Комара. Фота: Youtube
«Наша Ніва» спрабавала звязацца з Ігарам Канюшыкам, але ён праігнараваў наш запыт на каментар.