«Мы яшчэ ўсур'ёз не пачыналі». Новы пакет санкцый ЕС закране сферу, якую раней не чапалі
Крыніцы «Нашай Нівы» ў дыпламатычным корпусе расказалі пра нюансы чарговага пакета санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пра які можа быць абвешчана праз тры тыдні.
31.01.2023 / 13:48
На фінішнай прамой знаходзіцца новы пакет санкцый супраць лукашэнкаўцаў. Што там будзе?
«Лукашэнка думаў, што Захад ужо зрабіў усё, што мог. Мы хочам сказаць яму той адзінай мовай, якую ён разумее: «Мы яшчэ нават усур'ёз не пачыналі», — сказаў нам дыпламат адной з суседніх краін.
Расія «ўсур'ёз яшчэ нічога не пачынала» — гэта фраза Уладзіміра Пуціна, якую ён сказаў у ліпені 2022 года.
«Вельмі цвёрдая пазіцыя ў Варшавы, — адзначае іншы еўрапейскі дыпламат. — Яны абураныя тым, што Лукашэнка робіць з польскай дыяспарай і яе маёмасцю ў Беларусі. У адказ на гэта Польшча ўнесла прапанову аб забароне экспарту ў Беларусь тавараў сельскагаспадарчага прызначэння з Захаду», — расказаў ён.
Маецца на ўвазе насенне, сродкі абароны раслін, сперма жывёл і гэтай далей — гэта тое, чаго сама Беларусь і Расія не вырабляюць.
«Гэтым пакетам мы хочам паказаць, што будзем гаварыць з Лукашэнкам той жа мовай, якой ён з намі, і столькі часу, колькі трэба», — кажа дыпламат.
У Еўропе ўстрывожаныя дэструктыўнай роллю Беларусі адносна Украіны: Мінск працягвае правакацыйныя манеўры, размяшчае расійскія войскі, рыхтуе расійскую армію і рэтранслюе чалавеканенавісніцкую прапаганду. Акрамя таго, рэжым крок за крокам працягвае варожыя адносна суседзяў і Захаду дзеянні.
«У Еўропе ёсць разуменне, што раней не закранутая санкцыямі сельская гаспадарка — крыніца вялізных прыбыткаў Лукашэнкі», — сказаў іншы суразмоўца.
«Сапраўды, прапановы санкцый супраць паставак насення і іншых сельскагаспадарчых тавараў ёсць. Таксама плануецца сінхранізаваць санкцыі супраць Беларусі з санкцыямі, якія ўжо дзейнічаюць супраць Расіі. Прапановы ўжо ляжаць у Бруселі, іх дапрацоўка зойме недзе два тыдні. Пасля гэтага будзе тры «дні цішыні»: калі любая краіна можа паглядзець выніковы варыянт і ўнесці пратэст. Калі пратэсту не будзе, то санкцыі будуць прынятыя аўтаматычна», — патлумачыў працэдуру дыпламат.
Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі зрабілі рэжым Лукашэнкі таксічным, падняць голас супраць санкцый не рашаюцца яго ранейшыя лабісты. У краіне заведзена да 12 тысяч крымінальных спраў, праваабаронцы прызналі палітвязнямі больш за 1400 чалавек, дзясяткі тысяч былі вымушаныя шукаць прытулак у Еўропе.
А адносна персаналій, па інфармацыі «Нашай Нівы», санкцыі будуць уведзены супраць новых суддзяў, чыноўнікаў, прапагандыстаў і дыпламатаў.
Але ці не прывядуць новыя санкцыі да новых варожых крокаў Мінска ў адказ? Ці можа рэакцыя Лукашэнкі на ўдар па ягоным любімым дзецішчы — сельскай гаспадарцы — быць асаблівай? Асабліва моцныя рэпрэсіі ў адказ ці ўдар па еўрапейскіх бізнэсах?
«Новы ўдар уладаў па еўрапейскіх бізнэсах магчымы. У гэтым плане Лукашэнка стаў, мякка кажучы, нерацыянальны, — кажа Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекта @pozirkonline. — Але, па вялікім рахунку, логіка рэпрэсій усё ж іншая: Лукашэнка працягвае іх не «ў адплату», а найперш каб наганяць перманентны страх на нелаяльных грамадзян. У Еўрасаюза ж таксама свая логіка што да палітыкі санкцый. Мне здаецца, што там мала зважаюць на іх уплыў на рэпрэсіі», — кажа Класкоўскі.
Еўрапейскі дыпламат, у сваю чаргу, сказаў «Нашай Ніве», што яны гатовыя да спіралі эскалацыі, «пакуль Лукашэнка не зразумее, што выхад адзін — пачаць дамаўляцца».