Кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола зноў заўважылі за мяжой, прычым дзе!
Чытачы Tribuna.com прыслалі ў рэдакцыю выдання фатаграфіі старшыні АБФФ Уладзіміра Базанава каля крамы ў польскай Белай Падляшскай.
31.01.2023 / 17:37
На пачатку студзеня Базанаў трапіў у спіс 14 спартсменаў і спартыўных чыноўнікаў, у дачыненні да якіх ва Украіне рэкамендуецца ўвесці санкцыі. Пасля зацвярджэння санкцый у дачыненні да фігурантаў спісу ён будзе накіраваны ўсім міжнародным партнёрам Украіны праз МЗС краіны.
Такім чынам, тыя, хто патрапіў у спіс, могуць атрымаць доўгатэрміновую забарону на ўезд у Еўрасаюз, ЗША і іншыя краіны, а таксама забарону на выступленні ў міжнародным спорце. Дагэтуль ён ужо стаў фігурантам «чорнага спісу» краін Балтыі.
Раней Базанаў некалькі разоў рабіўся фігурантам скандалаў, звязаных са спробамі наведвання краін Еўрасаюза. У канцы 2021 года яго затрымала паліцыя ў Чэхіі. Тады чыноўніка выслалі на радзіму, а шэнгенскую візу анулявалі. А ў жніўні мінулага года яго развярнулі на мяжы з Польшчай, у якую ён патрапіў цяпер.
Базанаў — палкоўнік запасу, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У 2019-м зрабілі кіраўніком Беларускай федэрацыі футбола, і на гэтай пасадзе ён датычны да рэпрэсій у беларускім спорце.