Створана Беларуская незалежная кінаакадэмія
Беларускія кінематаграфісты яднаюцца ў Беларускую незалежную кінаакадэмію. Арганізацыя мяркуе ўзяць на сябе задачу прасоўваць інтарэсы незалежных кінатворцаў у тым ліку на міжнародных пляцоўках.
01.02.2023 / 16:17
«Пасля падпісання ліста нашая салідарнасць стала пашырацца, і мы падумалі, што ў нас павінна быць кінаакадэмія — аб’яднанне прафесійных творцаў, якія разам прымаюць рашэнні і разам стаяць за сябе. Падобныя кінаакадэміі ў Еўропе існуюць не адзін дзясятак гадоў, і дзякуючы ім мы больш ведаем пра кіно іх краін. Нашая задача, каб мы лепш ведалі адно аднаго і разам з тым, каб свет ведаў пра нас», — кажуць сябры ініцыятыўнай групы, што заснавала кінаакадэмію.
У ініцыятыўную групу ўваходзяць рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Цяпер кінаакадэмія прымае сябраў.
Аб’яднанне створанае, улічваючы досвед кінаакадэмій іншых еўрапейскіх краін, і ўжо атрымала падтрымку Еўрапейскай кінаакадэміі.
Паводле стэйтмэнту каманды, новае аб’яднанне павінна паспрыяць таму, каб голасам беларускай кінасупольнасці былі менавіта незалежныя кінематаграфісты. Кінаакадэмія такім чынам складае альтэрнатыву кінааб’яднанням ад афіцыйнага боку і мяркуе мэтанакіравана лабіраваць беларускі незалежны кінематограф, пашыраць яго магчымасці, а таксама прасоўваць свабоду ад цэнзуры ды дзяржаўнага ціску.
Афіцыйна арганізацыю прэзентуюць 17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю — у Producers & Projects Hub на галоўнай пляцоўцы EFM Martin Gropius Bau.
Тут жа будуць прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў. На Еўрапейскім фільммаркеце, у гатэлі Marriott, таксама будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, да якога далучыцца Леанід Каліценя як прадстаўнік Беларускай сеткі фільммэйкераў.