«Прыкрываў адыход параненага камандзіра». Як загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў
Загінулы добраахвотнік і былы палітвязень Эдуард Лобаў ваяваў ва Украіне з 2015 года. Пра яго ўдзел у вызваленчых аперацыях і апошнія дні жыцця «Радыё Свабода» расказала маці Марына Лобава.
01.02.2023 / 16:58
Лобаў быў добраахвотнікам з лета 2015. У 2017-м ва Украіне выйшаў закон, што з неграмадзянамі Украіны можна заключаць кантракт для службы ў войску. Эдуард скончыў чарговыя курсы і падпісаў на тры гады кантракт у брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Хмяльніцкім. Быў у выведроце, потым медыкам.
Летам 2020 года хлопец падпісаў кантракт у 72-й механізаванай брыгадзе «Чорныя запарожцы», дзе служыў Саша Малчанаў (былы палітзняволены з Барысава).
У 2021-м Лобаў атрымаў Казацкі Крыж 3-й ступені.
Ян Мельнікаў (са сцягам), Эдуард Лобаў (другі справа, трымае плакат). Львоў, 2015 год
Паралельна вучыўся завочна на псіхолага ў інстытуце.
Перад самай вайной Эдуард тэрмінова пайшоў на чарговыя курсы, засвойваў гранатамёты, NLAW, «Джавеліны».
Узнагарода Эдуарда Лобава, падпісаная Валерыем Залужным, галоўнакамандуючым украінскім войскам
Эдуард браў удзел у абароне Кіева. Атрымаў за гэта 4 мая 2022 года ўзнагароду «За ўзорнасць у вайсковай службе» 3-й ступені. Вызваляў Чарнобыль.
«Пазней яго перакінулі ў самае пекла — пад Вуглядар. Сын быў вельмі стомлены. Пісаў, што не было дзе выспацца нармальна, немагчыма адпачыць. Здаваўся мне вельмі змучаным. Ніколі не пісаў раней, што цяжка, а тут напісаў, што ўмовы складаныя… — згадвае маці Марына Лобава.
— 24 студзеня ён выходзіў у інтэрнэт. 25-га я запыталася, ці ёсць змены да лепшага. Ён не адказаў ужо… А 26-га Эдзіка забілі.
Толькі ўчора я даведалася, што ён сабой прыкрываў адыход параненага камандзіра. Такі мой Эдзік: ён не кіне нікога ў бядзе, сам не адыдзе ўбок. Ён заўсёды быў адказным. Калі ён сказаў, што будзе так рабіць, то і зробіць…»
Раней сябар Лобава Аляксандр Малчанаў расказваў, што Эдуард з іншымі ваярамі паляваў на танкі з «Джавелінам». Пасля ў бліжнім баі асабіста знішчыў некалькі байцоў праціўніка. Лобаў атрымаў асколачнае раненне, якое стала смяротным.
Эдуарда збіраюцца пахаваць у Варшаве, але калі — пакуль не вядома. Цела ваяра яшчэ знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў.
«Андрусь Цянюта ініцыяваў збор подпісаў за наданне Эдуарду звання Героя Украіны. Звязаўся з камандзірам, якога Эдзік выратаваў. Будуць складаць петыцыю і збіраць подпісы», — падзялілася маці добраахвотніка.