«Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове». Украінка вывучыла беларускую праз каханне да палітвязня

Адміністратар культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіта Слепянок цяпер знаходзіцца ў Беларусі за кратамі, 6 верасня яму прысудзілі 3 гады зняволення, на судзе ён выступіў з моцным апошнім словам. Праваабаронцы прызналі Мікіту палітвязнем. А дзяўчына Дана чакае яго ва Украіне і засвойвае беларускую мову. Гомельскі сайт «Штодзень» распытаў яе, ці цяжка гэта рабіць.

03.02.2023 / 23:50

Фота: Моцныя навіны

— Чаму ты вырашыла пачаць вучыць беларускую мову?

— Я жыву далёка ад Беларусі. У мяне няма ні сяброў, ні родзічаў з Беларусі. Прынамсі, на той час, калі я пачала цікавіцца беларускай мовай, не было сяброў. І я ўсё роўна дзесьці чула беларускую мову гадоў з пяці. То песні нейкія на беларускай мове трапляліся. Звычайна «Песняроў». То размовы нейкія пра Беларусь.

А потым з’явілася беларускамоўнае тэлебачанне, якое цяпер нельга называць. У 2008 годзе тады ўсе ва Украіне падключалі спадарожнікавае ТБ. І мы неяк з маці глядзелі ТБ і натрапілі на «Белсат» гэты. Беларуская мова спачатку была дзіўная для мяне, бо не падобная ні да рускай, ні да ўкраінскай. Мы пастаянна слухалі гэты «Белсат» з маці. Яна паўтарала самыя смешныя словы. Потым я пра «Белсат» забылася: на той момант навінамі цікавілася мала, бо мне было гадоў 7 ці трохі болей.

Калі падрасла, то знайшла кнігі ў перакладзе на беларускую мову. Я іх троху чытала. Потым у школе нешта пра Беларусь вывучалі. І я сказала, што ведаю беларускую мову, хоць я насамрэч не ведала нічога. А потым убачыла нейкі допіс навіновы, там былі каментары. Пачала пісаць у асабістыя беларусам, каб яны мне распавялі пра Беларусь. Тады я не ведала, што так нельга рабіць, бо беларусы ўспрымаюць гэта ўсё падазрона. Ва Украіне такога не было.

Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя. А ў 2019 годзе я даведалася, што гэта не так.

У 2020 годзе зноў пачала глядзець «Белсат». А ў 2021 годзе пачаліся стасункі з хлопцам, які з Беларусі. Вывучыла беларускую мову недзе месяцы за два, каб даказаць яму, што я чагосьці вартая. Хтосьці думае, што гэта вельмі хутка, але я ведала ўкраінскую, мела досвед пераходу на ўкраінскую. Да гэтага перыядычна цікавілася беларускай мовай. Таму з беларускай не было асаблівых цяжкасцяў.

Палітвязень Мікіта Слепянок

— Як ты вывучала беларускую мову? Якія кнігі чытала? Якімі падручнікамі карысталася?

— Спачатку ўвогуле не выкарыстоўвала ніякіх падручнікаў. Я проста глядзела, як пішуць іншыя беларусы ў чатах. Размаўляла праз перакладнік спачатку, потым сама. Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове. Я пыталася, калі нейкія словы былі незразумелыя. Праз размовы вывучыла. Потым з’явіліся курсы «Мова Нанова». Яны праз пандэмію праводзіліся анлайн. І я ўдзельнічала ва ўсіх курсах ва ўсіх гарадах. Таксама чытала мастацкую літаратуру, нейкія фільмы глядзела.

Аднекуль цікавасць з’явілася. І болей не адпускае. Часам здаецца, што беларускай мовы ў маім жыцці цяпер нават болей, чым украінскай.

— У жыцці (са сваякамі, з сябрамі) якой мовай карыстаешся?

— У жыцці я карыстаюся ўсім, чым толькі магчыма. З сябрамі з Беларусі — па-беларуску. З сябрамі з Украіны — на літаратурнай украінскай. На працы — таксама на ўкраінскай літаратурнай мове. Але дома я размаўляю на страшным суржыку.

Я намагаюся неяк гэта перамагчы. Але пакуль не атрымліваецца. З сёстрамі намагаюся размаўляць на літаратурнай, каб яны вучыліся ў мяне. Але з бабулямі, з дзядулямі, з маці — на суржыку. А рускай мовай я даўно не карыстаюся, мабыць, гадоў сем. Хіба ў вельмі рэдкіх выпадках. І пачынаю яе забывацца.

— Цікавы твой погляд збоку: некаторыя беларускія бацькі гавораць, што іх дзеці беларускую мову ў школе ўспрымаюць, як замежную. Што б ты параіла гэтым бацькам?

— Мне цяжка даваць парады на іншую краіну і для іншых умоў, але я ведаю гэтую праблему. Трэба паказаць, што беларуская мова — не замежная, што гэта твая мова. І трэба паказаць, што на беларускай мове можна не толькі навучацца.

Цяпер шмат беларускага кантэнту для дзяцей. Шмат відэа, мульцікаў. Ёсць шмат чаго па-беларуску. Можна па-беларуску гуляць, размаўляць. Ёсць кнігі, аўдыякнігі. Можна беларускамоўныя дні ў сям’і зрабіць. Але беларускую мову трэба вучыць, бо гэта мова тваёй дзяржавы, і ты павінен яе ведаць, бо гэта павага да краіны, да гісторыі.

Чытайце таксама:

23-гадовы палітвязень у апошнім слове: «Хачу называцца беларусам, жыць у гэтай краіне і нешта рабіць для яе»

Nashaniva.com