У Партугаліі жыве самы стары сабака ў свеце. Яму 30 гадоў

У чацвер, 2 лютага, Кніга рэкордаў Гінэса зафіксавала найстарэйшага сабаку ў свеце. Ім стаў 30-гадовы Бобі з Партугаліі.

04.02.2023 / 10:28

Партугалец абнавіў рэкорд усяго праз два тыдні, пасля таго як самым старым сабакам абвясцілі Спайка.

«Праз два тыдні пасля таго, як Спайка абвясцілі найстарэйшым сабакам у свеце, Кніга рэкордаў Гінэса атрымала інфармацыю адносна значна больш старога сабакі. Насамрэч, Бобі не проста самы стары сабака з усіх жывых, ён самы стары сабака ў гісторыі», — піша прэс-служба кнігі.

Адзначаецца, што Бобі — чыстакроўны рафейра да алентэха (партугальская парода сабак). Ён нарадзіўся 11 мая 1992 года. Цяпер сабаку 30 гадоў і 269 дзён. Звычайна сярэдняя працягласць жыцця ў такіх сабак 12-14 гадоў.

Уладальнік рэкардсмена лічыць, што адным з галоўных фактараў даўгалецця жывёлы з'яўляецца «спакойнае і мірнае жыццё ўдалечыні ад горада». Бобі падабаецца свабодна гуляць па лясах і сельскагаспадарчых угоддзях. Ён ніколі не быў на ланцугу. Суседзі і сябры сям'і апісваюць сабаку як вельмі таварыскага.

Цяпер Бобі цяжка хадзіць і большую частку часу ён праводзіць на заднім двары з чатырма катамі. Зрок Бобі таксама пагоршыўся. 

Nashaniva.com