Хацеў збегчы ў Беларусь, але не паспеў. Новыя падрабязнасці справы пра шпіянаж на карысць КДБ літоўскага юрыста
38-гадовы Мантас Данелюс быў затрыманы ў Вільні за шпіянаж на карысць беларускіх службаў і магчымыя сувязі з беларускім КДБ. Ён пяты месяц за кратамі. Але акруговы суд Вільні задаволіў хадайніцтва пракурора і падоўжыў падазраванаму меру стрымання — арышт — яшчэ на два месяцы, паведамляе Lrytas.lt.
04.02.2023 / 18:14
Літоўскія праваахоўнікі арыштавалі Данелюса 28 верасня. Яго падазраюць у зборы і перадачы інфармацыі спецслужбам Беларусі.
Больш за ўсё Данелюса цікавілі бежанцы з Беларусі і Украіны. Данелюс прапанаваў ім дапамогу як юрыст, але сам збіраў інфармацыю пра фінансы беларускіх і ўкраінскіх арганізацый.
«Спачатку Данелюс спрабаваў стварыць вобраз надзейнага чалавека, але неўзабаве яго паводзіны сталі мяняцца, а пытанні, якія ён задаваў, аказаліся падазронымі, бо ён хацеў ведаць усё — каму збіраецца дапамога, каму выдзяляецца, як пастаўляецца, як жывуць украінцы і беларусы ў Літве, як арганізоўваецца прыезд у Літву беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Не атрымаўшы адказаў на гэтыя пытанні, Данелюс злаваўся і нават паводзіў сябе агрэсіўна. Кожны раз, калі ён наведваў наш офіс, гэта ператваралася ў хаос, ён перашкаджаў працаваць», — распавяла выданню кіраўніца арганізацыі «Дапамога Украіне» Ганна Камарчук.
Таксама Данелюс збіраў інфармацыю ў беларускіх арганізацыях «Наш дом» Вольгі Карач і «Дапамога» Наталлі Калегавай.
Падазраючы, што ён можа працаваць на беларускія спецслужбы, кіраўніцы гэтых арганізацый падзяліліся сваімі падазрэннямі з літоўскімі праваахоўнікамі, якія распачалі дасудовае расследаванне па факце шпіянажу.
Даведаўшыся пра распачатую супраць яго справу, Данелюс хацеў уцячы ў Беларусь, але не паспеў.
За шпіянаж віленчуку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.
Справа аб шпіянажы супраць літоўскага юрыста, піша выданне, — ўжо дзясятая.
Раней ён быў восем разоў судзімы, цяпер акруговы суд горада Вільнюса разглядае дзявятую крымінальную справу. Яго судзяць за падробку дакументаў і іх выкарыстанне ў 2014-2015 гадах.
Заваяваўшы давер кіраўнікоў кампаній, Данелюс неўзабаве пачаў кіраваць імі сам — звальняў іх дырэктараў, мяняў статуты, падрабляў дакументы, фальсіфікаваў рахункі-фактуры.
Мантас Данелюс — літоўскі юрыст, пра якога распавядала «Наша Ніва», сам прызнаваўся, што перадаваў інфармацыю лукашэнкаўскай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, якая ў сваю чаргу, па яго словах, з’яўляецца супрацоўніцай Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі.