Мясцовыя СМІ: Лукашэнка прыязджаў у Зімбабвэ па літый
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў пабудаваць заводы па перапрацоўцы літыю ў выпадку надання яму літыевых канцэсій, сцвярджае зімбабвійскае выданне TheNewsHawks са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.
05.02.2023 / 09:01
Фота: elec.ru
«Дзве краіны падпісалі восем пагадненняў у розных сектарах, давёўшы іх да 20, але насамрэч справа была ў літыі. Пра гэта дамовіліся Мнангагва і Лукашэнка ў ходзе прыватных перамоў», — сказала крыніца выдання.
На тэрыторыі Зімбабвэ знаходзяцца вялікія радовішчы металу літыю. Здабычу на іх вядуць кітайскія кампаніі. У мінулым годзе Зімбабвэ забараніла экспарт літыю-сырцу, каб утрымаць замежныя кампаніі і кантрабандыстаў ад марадзёрства. Пазней забарона была аб'яднаная з поўнай забаронай на экспарт каляровых металаў.
Літый, яго злучэнні і сплавы крытычна неабходныя для тэхналагічнага развіцця шматлікіх галін: аўтапрама, авіябудавання, металургіі, мікраэлектронікі, хіміі і іншых.
Літый найбольш важны пры вытворчасці акумулятарных батарэй вялікай ёмістасці. Малавядомай вобласцю прымянення літыю з'яўляецца фармакалогія. Гэты метал выкарыстоўваецца для вытворчасці псіхатропных прэпаратаў.
Запатрабаваны ён і ў цяжкай прамысловасці. Літый патрэбны для выплаўлення і легіравання алюмінію, павышэння пластычнасці, трываласці і аднаўлення металаў.
Ключавая галіна, дзе без згаданага металу ніяк не абысціся, — гэта ядзерная энергетыка. Літый — адзіная даступная крыніца атрымання трыцію, таксама ён ужываецца пры вырабе стрыжняў, што рэгулююць сістэму абароны рэактара.
Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся з дзяржаўным візітам у Зімбабвэ з 30 студзеня па 1 лютага. Паводле яго слоў, былі падпісаныя пагадненні «ў галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў».