У інтэрнэце прадаюцца парэшткі Еўфрасінні Полацкай? Падобна, што не

АБНОЎЛЕНА

На аўкцыёне Ebay выстаўлены на продаж срэбны рэлікварый з часткай цела, як сцвярджаецца, святой Еўфрасінні Полацкай. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале Антон Матолька.

05.02.2023 / 23:16

Як сцвярджае аўтар лота, унутры сховішча знаходзяцца парэшткі — косці і часткі плоці святой Еўфрасінні Полацкай, а таксама таблічка з подпісам на латыні: Sanctus Praxedis Polotiensis Virgin — Святая Праскоўя Полацкая, дзева.

АБНОЎЛЕНА. Як удакладняе Антон Матолька, згодна з дакументам, гэтыя парэшткі хутчэй за ўсё належаць не Еўфрасінні Полацкай, а святой князёўне Параскеве Полацкай.

Параскева Полацкая — гэта полацкая князёўна XIII ст., святая каталіцкай, грэка-каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

Згодна з крыніцамі, Параскева была дачкой князя Рагвалода-Васіля, пастрыглася ў манахіні, 7 гадоў жыла пры полацкай царкве Спаса, потым здзейсніла паломніцтва ў Рым, пражыла там некалькі гадоў, атрымала ад Папы Аляксандра VI часціцу дрэва Святога Крыжа, якую выслала ў Полацк, дзе тую паклалі ў крыжападобны каўчэг з надпісам, памерла ў Рыме.

Параскева Полацкая таксама прылічана да ліку святых, у гэтым выпадку Папам Рыгорам X (1273).

Аднак няма пэўнасці, што такая святая сапраўды існавала. Магчыма, яе правобразам стала Еўфрасіння Полацкая ці Еўпраксія, стрыечная сястра Еўфрасінні.

У апісанні лота ж гаворыцца пра парэшткі Еўфрасінні Полацкай.

У апісанні пазначана, што гэта парэшткі з калекцыі сям'і Слоскансаў. Таксама апублікаваныя і фатаграфіі дакумента, які прыкладаецца да парэштак. Падпісаны ён каталіцкім біскупам Баляславам Слоскансам, там стаіць і яго пячатка.

Баляслаў Слосканс (1893 — 1981) — апостальскі адміністратар Магілёва і Мінска, ён жа быў апостальскім візітатарам для беларускіх і рускіх каталікоў візантыйскага абраду ў эміграцыі.

У розных крыніцах гаворыцца, што ў 1925 годзе ён служыў у касцёле Святой Варвары ў Віцебску і быў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, у 1927 годзе яго арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы і саслалі ў Салавецкі лагер.

Nashaniva.com