Ціханоўская заклікала беларусаў абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны
«Усё гэта не магло прысніцца нам нават у страшным сне. І ўсё ж гэта здарылася». Дэмакратычны лідар Беларусі звярнулася да беларусаў на выпадак ваенных дзеянняў.
06.02.2023 / 10:14
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Усё гэта не магло прысніцца нам нават у страшным сне. І ўсё ж гэта здарылася. Пратэсты, рэпрэсіі, збіванне, крызіс, вайна. Мы не маглі прадбачыць гэтых падзей, але навучыліся дзейнічаць у самых складаных сітуацыях. Яны навучылі нас рыхтавацца да горшага і заўсёды клапаціцца пра блізкіх і тых, хто пацярпеў. Мы ўбачылі, што шукаць логіку і пралічваць наступныя крокі тыранаў — бессэнсоўна. Яны не кіруюцца логікай», — піша Святлана Ціханоўская.
«Таму сёння нам з вамі так важна паклапаціцца пра сябе і родных. Не дазваляць сабе лішняй панікі, а выдыхнуць, прымаць рашэнні спакойна. І калі ёсць нешта, што можна зрабіць, каб засцерагчы сябе, — лепей рабіць гэта загадзя.
Пагаварыце з роднымі і сябрамі, абмяркуйце план дзеянняў на выпадак небяспекі. Назапасьцеся наяўнымі грашыма, лепей у валюце, а яшчэ лепей — у розных валютах. Абмяркуйце з дзецьмі правілы паводзін у стрэсавых сітуацыях і базавую бяспеку, можна нават правесці невялікую трэніроўку ў гульнявой форме. Даведайцеся, ці ёсць у вашым раёне памяшканні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, вызваліце іх ад лішніх рэчаў, пакіньце там мэблю і невялікі запас кансерваў. Праверце хатнюю аптэчку, калі трэба — папоўніце яе неабходнымі сродкамі: бінтамі, бандажамі, сродкамі індывідуальнай абароны, антысептыкамі, антыбіётыкамі, заспакаяльнымі сродкамі і таблеткамі для абеззаражвання вады, а таксама тымі лекамі, якія вам патрэбныя.
Дарагія беларусы, зараз нам як ніколі важна захаваць сябе. Важна не дазваляць сабе застацца ў роспачы і прымусіць сябе адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цвяроза. Але падрыхтавацца і скласці сабе план дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння ніколі не будзе лішнім. Беражыце сябе і адно аднаго», — рэзюмуе Святлана Ціханоўская.