Іспанец праз суд дамогся права хадзіць голым па вуліцы
Нават на нядаўняе паседжанне Вярхоўнага суда па справе аб штрафах ён прыехаў на ровары толькі ў адных ботах.
07.02.2023 / 10:29
Фота: кадр з відэарэпартажу, Ignacio Cabanes, Levante
Вярхоўны суд Іспаніі ўстаў на бок 29-гадовага Алехандра Каламара і зняў з яго штрафы за хаджэнне па вуліцы без адзення. Пра гэта 3 лютага напісала агенцтва Reuters.
Мужчына з невялікага іспанскага мястэчка Алдая ў Валенсіі яшчэ ў 2020-м годзе прыняў рашэнне хадзіць голым. Алехандра не раз атрымліваў штрафы, але усё роўна працягваў так рабіць і адстойваць свае правы.
Нават на нядаўняе паседжанне Вярхоўнага суда па справе аб штрафах ён прыехаў на ровары толькі ў адных ботах, што трапіла на відэа. Але для ўдзелу ў судзе мужчыну на ўваходзе ўсё ж прымусілі апрануцца.
«Штрафы не маюць ніякага сэнсу. Яны абвінавацілі мяне ў непрыстойным эксгібіцыянізме. Паводле слоўніка, гэта мае на ўвазе сэксуальныя намеры, а гэта не мае нічога супольнага з тым, што я рабіў», — сказаў Алехандра ў інтэрв'ю Reuters.
Мужчына ў судзе заявіў, што штрафы ўціскаюць яго «свабоду думкі», а сам Вярхоўны суд Валенсіі прызнаў наяўнасць у іспанскім заканадаўстве «прававога вакууму» ў сферы рэгулявання публічнага нудызму і пастанавіў, што паводзіны Алехандра не парушаюць грамадскага парадку.
Сам публічны нудызм у Іспаніі быў афіцыйна дазволены яшчэ ў 1988 годзе. Але ў некаторых рэгіёнах, як, напрыклад, у Барселоне і Вальядалідзе, існуюць свае ўласныя правілы, якія рэгулююць і абмяжоўваюць праявы нудызму.
У выпадку з Валенсіяй і Алдаяй у мясцовым заканадаўстве няма дакладнага дазволу, але і няма выразнай забароны хадзіць па вуліцах без адзення.