Вярхоўны лідар Ірана загадаў памілаваць дзясяткі тысяч арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў
Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі распарадзіўся памілаваць дзясяткі тысяч зняволеных, у тым ліку частку арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў, паведамляе дзяржаўнае агенцтва IRNA.
07.02.2023 / 10:00
AP Photo/Middle East Images, File
Хаменеі абвясціў, што памілаваныя будуць тыя, каму не выстаўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, працы на замежныя спецслужбы, а таксама забойствах і пашкоджаннях дзяржмаёмасці. Агенцтва падкрэсліла, што вызваленне зняволеных прымеркаванае да гадавіны ісламскай рэвалюцыі.
Таксама зняволеным, якія маюць права на памілаванне, загадалі напісаць «пакаянныя» лісты, у адваротным выпадку іх пакінуць пад вартай.
Пратэсты ў Іране ўспыхнулі ў верасні, пасля смерці ў паліцэцскім участку 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымалі за «няправільнае» нашэнне хіджаба (у яе з-пад хусткі былі бачныя валасы).
У выніку пратэстаў загінулі некалькі соцень чалавек.