Лявон Вольскі пра тое, чаму ў «чорныя спісы» музыкаў трапілі нават тыя, хто маўчаў
У пашыраны спіс выканаўцаў, музыка якіх забароненая на публічных імпрэзах, трапіла амаль 90 артыстаў. Сярод іх — нават Макс Корж і Ксенія Сітнік. Музыка Лявон Вольскі адрэагаваў на новыя «чорныя спісы».
09.02.2023 / 12:29
«Калі ўзнік першы чорны спіс у Беларусі (куды я са сваімі праектамі, безумоўна, патрапіў), памятаю, па тэлевізары ішла нейкая агітацыйна-прапагандысцкая перадачка, і ў ёй раптам пачалі «кляйміць пазорам» беларускіх музыкаў і асабіста мяне.
Злавесным голасам дыктар вяшчаў: «Гэта ён (то бок, я), калі ўся Беларусь радавалася трыумфальнай перамозе нашай Ксеніі Сітнік на дзіцячым «Еўрабачанні», казаў пра яе: «Не люблю, калі дзеці крыўляюцца».
А потым — цытата з «Майго пакалення»:
«Набыць бы даляры,
Прадаць бы рублі,
А потым — падалей
Ад гэтай зямлі».
Вось, маўляў, да чаго заклікае гэты музыка.
І вось — мінула амаль 20 гадоў, і ўзнік абноўлены чорны спіс. Там ужо ёсьць і Ксенія Сітнік, перамозе якой так радавалася калісьці Беларусь.
Усё стала на свае месцы.
Спачатку ў спіс патрапілі артысты, якія ў 2020-м выказаліся супраць гвалту. Напісаў у сацсетцы: «Я супраць гвалту», — і ты вораг. Потым, у 22-м — тыя, хто супраць вайны.
А цяпер — тыя, хто не выказваўся. Таму, што цяпер трэба выказвацца за гвалт і вайну, а калі маўчыш — ты вораг»,
— напісаў Лявон Вольскі ў фэйсбуку.