На некаторых мінскіх вуліцах забаранілі паркоўку грузавікоў. Дзе менавіта?

У ДАІ Мінска папярэдзілі, што на некаторых сталічных вуліцах забароненая паркоўка грузавога транспарту — у прыватнасці, устаноўлены дарожныя знакі 3.27 «Прыпынак забаронены» і таблічкі 7.4.1 «Від транспартнага сродку», «2,5 т», якія забараняюць прыпынак і стаянку грузавога транспарту масай звыш 2,5 тоны, піша Onliner.by.

15.02.2023 / 14:43

Такія тэхнічныя сродкі дарожнага руху ўжо дзейнічаюць:

— на ўчастку вуліцы Янкі Лучыны ад вуліцы Прушынскіх да вуліцы Віктара Турава,

— на ўчастку вуліцы Прушынскіх ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Уладзіслава Сыракомлі,

— на Ігуменскім тракце ад вуліцы Маякоўскага да МКАД,

— на вуліцах Міхаіла Пташука і Паўла Шпілеўскага.

Штодня ў названых месцах інспектары сталічнай ДАІ з дапамогай тэхнічных сродкаў будуць кантраляваць выкананне правілаў дарожнага руху, у тым ліку спыненне і стаянку грузавых транспартных сродкаў масай звыш 2,5 тоны, — папярэдзілі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Там адзначылі, што гэтая мера павінна павысіць бяспеку дарожнага руху, а таксама ўпарадкаваць паркоўкі грузавога транспарту ў горадзе.

Nashaniva.com