У Дзярждуме прапанавалі сцерці твар Барбары Брыльскай у фільме «Іронія лёсу». Бо тая раскрытыкавала Расію

Барбара Брыльска падтрымала актрысу Лію Ахеджакаву, калі яе за падтрымку Украіны знялі з усіх роляў у «Сучасніку» і параіла ёй з'ехаць з Расіі. Прапанова абурыла намесніка старшыні камітэта Дзярждумы па развіцці грамадзянскай супольнасці Вольгу Занько.

16.02.2023 / 09:35

Барбара Брыльска ў «Іроніі лёсу»

«Наша краіна падарыла ёй славу і пашану, але мы таксама лёгка можам і сцерці гэтую актрысу з «Іроніі лёсу», — прыстрашыла дэпутатка. У якасці ілюстрацыі таго, як можна сцерці твар польскай актрысы, дэпутат апублікавала фрагмент фільма, у якім актрыса замененая з дапамогай дыпфейка на Валянціну Талызіну, якая агучвала Брыльску.

Брыльска, каментуючы сітуацыю з Ахеджакавай, расказала, што расіяне вымушаныя жыць у галечы:

«Простыя людзі ў Расіі пакутуюць ад людзей, якія не могуць падзяліць уладу, якая дрыжыць за свае грошы. Рускія павінны зразумець, што жыць у гэтым г**не, у якім яны жывуць, нельга».

Актрыса заявіла, што добра ў Расіі жывуць толькі ў Маскве і Пецярбургу, у іншых рэгіёнах сітуацыя «катастрафічная»:

«Астатні народ паглядзіце, як жыве… Омск, Навасібірск… Мы прылятаем туды, і мне страшна выходзіць з самалёта. Там паўсюль галеча, там немагчыма жыць».

Nashaniva.com