Маеце ідэю digital-праекта для беларускай культуры? Вось дзе можна яе прэзентаваць
Кам’юніці «Культурны код» пачало рэгістрацыю камандаў на ўдзел у анлайн-пітчынгу digital-праектаў для беларускай культуры. Да ўдзелу запрашаюць асобаў і каманды, якія маюць ідэі, звязаныя з любымі тэхналогіямі, задачамі і з любымі культурніцкімі і творчымі сектарамі.
16.02.2023 / 22:21
Першы пітчынг адбудзецца 2 сакавіка ў 17:00 CET. Зарэгістравацца можна тут.
Праз гэтую ж форму арганізатары заклікаюць прапаноўваць таксама ідэі, аўтары якіх яшчэ не гатовыя прадставіць іх адкрыта, але хацелі б атрымаць фідбэк асабіста ад ментараў ці мадэратараў супольнасці.
Нэтворкінг-чат «Культурны Код» стаў лагічным працягам хакатона digital-праектаў для беларускай культуры «Культурны код». Як і на хакатоне, мадэратары чата ставяць перад сабой мэту аб’яднаць людзей культуры з ІТ-спецыялістамі, каб разам яны маглі рэалізаваць супольныя ідэі. Хакатон паказаў вялікі патэнцыял такой актыўнасці, а некаторыя з праектаў, прадстаўленыя на пітчынгах увосень, ужо выйшлі ў публічную прастору.
Так, мабільная праграма для вывучэння беларускай мовы «Зубрык» ужо ёсць на Google Play і запрашае зацікаўленых бацькоў з дзецьмі-школьнікамі да тэставання. Рыхтуецца да рэлізу VARTA — агрэгатар VR-выставаў з phygital-інструментарыем для рэпрэзентацыі культуры, мастацтва, гісторыі. Цяпер каманда збірае данаты на першую 3D-камеру. Платформа для буккросінгу сярод беларусаў трансфармавалася ў праект «Старонкі» і рыхтуецца да інтэграцыі з платформай «Новая Беларусь».
— Мы задумалі і стварылі нэтворкінг-пляцоўку «Культурны код», каб даць магчымасць аўтарам ідэй лічбавых праектаў, звязаных з беларускай культурай, быць у сталым кантакце з калегамі і аднадумцамі, у рэжыме рэальнага часу атрымліваць дапамогу і кансультацыі ад ментараў, — кажа Кацярына Раманчык, менеджарка праектаў Беларускай рады культуры і самадэратарка чата «Культурны код». — Таксама мы прапануем удзельнікам чата спрабаваць свае сілы ў пітчынгах, куды, апроч каманд, запрашаем таксама ментараў, кансультантаў, а па магчымасці і інвестараў.
Чат «Культурны Код» існуе ўсяго 2 тыдні, але гэтая супольнасць ужо яднае каля 100 зацікаўленых асоб. І да іх можна далучацца!
Тут чакаюць:
- дзеячаў культуры і творцаў самых розных сфер дзейнасці;
- спецыялістаў(-к) у ІТ і/альбо бізнесе: праграмістаў, бізнес-аналітыкаў, праектных менеджараў;
- маркетолагаў і PR-менеджараў, дызайнераў і інш.
У чаце можна:
- расказаць пра сваю ідэю культурнага digital-праекта на любой стадыі рэалізацыі;
- пашукаць для яе калег у каманду, спецыялістаў, ментараў, аднадумцаў і іншых партнёраў;
- дзяліцца парадамі і кантактамі.
У «Культурным Кодзе» таксама публікуюцца ўнікальныя пасты з карыснымі парадамі, падборкі адукацыйных матэрыялаў, расповеды пра беларусаў, якія заснавалі стартапы і дасягнулі поспеху.
Важна! Гэта публічны чат, таму ўдзельнікам з Беларусі неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку.
Далучыцца да «Культурнага коду»
Пытанні, удакладненні: https://t.me/Cult_code_by, kulturnykod@gmail.com
Афіцыйная старонка «Культурнага коду».
Візуал праекта «Культурны Код».