Міністэрства фінансаў ЗША правярае Raiffeisen Bank — уласніка беларускага Прыёрбанка

Міністэрства фінансаў ЗША пачало расследаванне ў дачыненні да Raiffeisen Bank International у сувязі з яго дзейнасцю ў Расіі, паведамляе Reuters. Беларускі Прыёрбанк з'яўляецца дачкой гэтай фінансавай установы.

18.02.2023 / 17:18

Аўстрыйскі банк паведаміў Reuters, што ў студзені атрымаў запыт ад упраўлення кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) з просьбай «растлумачыць плацежны бізнэс і звязаныя з ім працэсы, якія падтрымліваюцца RBI, у святле нядаўніх падзей, звязаных з Расіяй і Украінай».

OFAC запытала ў банка падрабязную інфармацыю аб яго дзейнасці ў Расіі, часткова акупаваным Данбасе, Украіне і Сірыі, у тым ліку аб транзакцыях і дзейнасці пэўных кліентаў.

Raiffeisen паведаміў агенцтву «Ройтэрс», што, як ён разумее, запыт не быў выкліканы канкрэтнай транзакцыяй або бізнэсам. 

Raiffeisen — адзін з двух замежных банкаў, уключаных Цэнтральным банкам Расіі ў спіс 13 «сістэмна значных крэдытных арганізацый», што падкрэслівае яго важнасць для расійскай эканомікі, якая сутыкаецца з маштабнымі заходнімі санкцыямі.

Міністэрства фінансаў ЗША ўводзіць санкцыі і можа караць тых, хто іх парушае. Яго самы агрэсіўны інструмент — замарожванне актываў у ЗША і пазбаўляе банк доступу да даляраў ЗША, што мае вырашальнае значэнне для міжнароднага гандлю і фінансаў.

Але запыт інфармацыі ў банка аўтаматычна не значыць накладанне санкцый.

Nashaniva.com