Вальфовіч анансаваў змены ў Канцэпцыі нацбяспекі
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч на нарадзе ў Лукашэнкі расказаў пра будучыя змены ў Нацыянальнай канцэпцыі бяспекі.
20.02.2023 / 15:22
Фота: БелТА
Падрабязнасцяў мала. Як піша БелТА, у новым праекце Канцэпцыі нацбяспекі з'явілася, напрыклад, градацыя пагроз —рызыка, выклік і непасрэдна сама пагроза. Так, рызыка азначаная як небяспека нацыянальным інтарэсам, якая зараджаецца, выклік — небяспека, якая аб'ектыўна фармуецца, пагроза — рэальная небяспека нацыянальным інтарэсам.
«Скарэктаваныя паняцці крыніцы пагрозы і ўласна самой пагрозы нацыянальнай бяспецы. У пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў упершыню ўключаныя новыя палажэнні аб неабходнасці ўсямернай абароны народа Беларусі як унікальнай гістарычнай супольнасці і адзінай крыніцы дзяржаўнай улады», — выказаўся Аляксандр Вальфовіч.
У ліку нацыянальных інтарэсаў замацаваныя нацыянальная самабытнасць, дабрабыт і росквіт, сацыяльная адказнасць грамадзян, грамадская згода.
Таксама з'явіўся новы тэрмін — «электаральны суверэнітэт». Аляксандр Вальфовіч патлумачыў, што гэта «права без умяшання звонку праводзіць выбары і рэферэндумы».
Асобным новым блокам у канцэпцыі замацаваная біялагічная бяспека. З'яўленне гэтай сферы тлумачыцца ў тым ліку пандэміяй і яе ўплывам на палітычную сістэму і эканоміку. БелТА піша, што ўлічвалася таксама «выяўленне біялабараторый, арганізаваных пад эгідай ЗША, на тэрыторыі Украіны і іншых постсавецкіх краін» (легенда прапагандыстаў).
З'явіліся новыя суб'екты нацбяспекі — Усебеларускі народны сход, статус асобных суб'ектаў нацбяспекі нададзены органам пракуратуры і КДК.
Праект канцэпцыі абяцаюць вынесці на абмеркаванне, але гэта хутчэй фармальнасць, бо ён ужо падтрыманы Лукашэнкам.