Святарам дазволілі зайсці ў закрыты Чырвоны касцёл. Разрухі, пра якую гавораць улады, яны там не пабачылі
Парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску 20 лютага паведаміла, што ў Чырвоны касцёл, закрыты ўладамі ўжо амаль пяць месяцаў, дазволілі ўвайсці святарам і прадстаўнікам касцельнага камітэта, каб ацаніць маёмасць парафіі, знішчанай падчас пажару.
21.02.2023 / 19:01
Пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку закрытай святыні. Фота Віктара Ведзеня
«З убачанага можам сказаць, што ў касцёле цёпла, ёсць гарачая і халодная вада (у плябаніі ўсё гэта адключана), у зале для набажэнства няма слядоў узгарання, сажы і іншых бачных пашкоджанняў. Агляд праведзены толькі ў сакрыстыі-канцылярыі, другі і трэці паверхі над сакрыстыяй патрабуюць дадатковага часу», — гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час Мінгарвыканкам сцвярджае, што ў храме нібыта адключана электра-, цепла– і водазабеспячэнне, і што ўсе гэтыя сістэмы нібыта патрабуюць рамонтна-аднаўленчых работ. Менавіта гэта, па іх версіі, і ёсць прычынай таго, што храм не адкрываюць для вернікаў. Ліст з такім паведамленнем атрымалі парафіяне ў лютым за подпісам намесніка старшыні выканкама Арцёма Цурана.
У гэтым жа лісце гаворыцца, што «рамонтна-аднаўленчыя работы праводзяцца ў рамках устаноўленых нормаў у адпаведнасці з заканадаўствам», аднак тэрміны і віды работ па-ранейшаму не называюцца.
Таксама стала вядома, што ліст вернікаў да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай па яе распараджэнні быў перанакіраваны ў Мінгарвыканкам.