Міністр замежных спраў Славакіі адправіў прэм'ера Венгрыі курсам рускага вайсковага карабля. У самым літаральным сэнсе
Міністр замежных спраў Славакіі Расціслаў Качар груба вылаяўся на адрас венгерскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана за яго палітыку, якая, на ягоную думку, карысная прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, паведамляе «Еўрапейская праўда».
21.02.2023 / 21:52
Расціслаў Качар. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru
У вялікім пасце на фэйсбуку славацкі міністр сцвярджае, што ваенная дапамога Украіне — маральна правільны крок, бо гэта расіяне ўварваліся ва Украіну і забіваюць там украінцаў. Пры гэтым Еўрасаюз адзіны ў імкненні дапамагаць Кіеву, а ўбаку застаецца толькі Венгрыя.
Расціслаў Качар адзначыў, што нядаўна публічна выказаная пазіцыя Віктара Орбана, што «гэта не наша вайна» — маральна непрымальная.
«На выхадных іх карпацкі прарок гаварыў пра тое, што гэта не наша вайна. Гэта «проста ваенны канфлікт паміж дзвюма славянскімі дзяржавамі». Трэба было пакінуць іх у спакоі, ізаляваць. Гэта значыць, хай расіяне хуценька пераб'юць украінцаў. Хай яны не хвалююцца.
Як агідна. Як шкада. Як не па-хрысціянску. Святы Марцін Турскі (нарадзіўся ў цяперашняй Венгрыі) памёр бы ад сораму за такіх хрысціян», — напісаў кіраўнік МЗС Славакіі.
Качар адзначыў, аднак, што ў адным ён згодны з «гэтымі карпацкімі калабарантамі расійскіх агрэсараў»:
«Пастаўкі зброі ва Украіну зацягваюць канфлікт і адкладаюць мір. Найбуйнейшым пастаўшчыком зброі ва Украіну з'яўляецца Расія… Як толькі расіяне спыняць пастаўляць зброю ва Украіну, збяруць рэчы і паедуць дадому, у той самы момант іншыя перастануць падтрымліваць Кіеў у вайсковым плане і наступіць мір. Усё вельмі проста».
Паводле слоў славацкага міністра,
Славакія з'яўляецца часткай развітага свету, таму ён «не хоча, каб «яны рабілі як Орбан».
А свой і так надзвычай недыпламатычны пост славацкі дыпламат скончыў зусім незвычайна:
«Для калабарацыяністаў Пуціна, і асабліва для нашых у Карпацкім басейне і высакагор'і, для ўсіх тых, хто хоча міру цаной знішчэння Украіны, у мяне ёсць толькі адно пасланне».
Пасля чаго дадаў рускамоўную лаянку, якую ўкраінскія абаронцы чарнаморскага вострава Змяіны скіравалі на адрас рускага вайсковага карабля, з борта якога да іх паступіла прапанова здацца.