Кіраўнік МЗС назваў прыярытэты замежнай палітыкі
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік пазначыў прыярытэты работы ведамства ў 2023 годзе на пасяджэнні калегіі, якое праходзіць у Мінску, паведамляе «Спутнік».
22.02.2023 / 11:43
Па словах Алейніка, неабходна працягваць супрацоўніцтва з дзяржавамі «далёкай дугі» — Кітаем, Індыяй, ААЭ, Іранам, Зімбабвэ і іншымі краінамі.
У гэтай сувязі міністр адзначыў, што адной з найважнейшых задач перад дыпламатамі ў бягучым годзе стане афармленне поўнафарматнага членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
«Таксама не варта забываць і пра іншыя адносна новыя для нас фарматы — кажу аб актыўнай працы ў рамках форуму «Расія — Афрыка» і аб падключэнні да фармату БРІКС», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Гаворачы аб узаемадзеянні з заходнімі краінамі, Алейнік звярнуў увагу, што МЗС працягвае комплексна падтрымліваць беларускія прадпрыемствы за мяжой, дзе гэта магчыма, і развіваць гандаль з некаторымі дзяржавамі.
На гэтым фоне міністр успомніў аб нядаўнім візіце ў Мінск свайго вугорскага калегі Петэра Сіярта. Падчас перамоў бакі дамовіліся правесці ў найбліжэйшы час міжурадавую камісію, а таксама пацвердзілі зацікаўленасць у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галінах, не закранутых санкцыямі.
«Там, дзе гэта адпавядае нашым інтарэсам, мы захоўваем крытычны дыялог. Да палітыкафарміруючых колаў дзяржаў Захаду даводзіцца наша прынцыповая пазіцыя аб контрпрадуктыўнасці санкцый і абмежаванняў, важнасці развіцця ўзаемапаважлівых адносін як адзінага спосабу ўрэгулявання міждзяржаўных супярэчнасцяў», — рэзюмаваў Алейнік.