У Бярэзінскім запаведніку з'явіўся мядзведзь-бадзяга
Супрацоўнікі запаведніка здзейснілі навукова-даследчую экспедыцыю ў паўднёвую яго частку — Крайцаўскае і Палікскае лясніцтвы — у канцы студзеня, паведамляецца на сайце ўстановы.
23.02.2023 / 09:41
Там на лясной дарозе ў яловым лесе яны выявілі буйныя сляды бурага мядзведзя: шырыня яго пярэдняй лапы складала каля 16 см. Мабыць, звера вымусілі прачнуцца расталыя воды, якія падтапілі месца спячкі падчас нядаўняй адлігі.
«Падчас пацяплення ў зімовы час мядзведзі могуць прачынацца і блукаць непадалёк у пошуках больш падыходзячага месца для сну. У адной жывёлы можа быць некалькі такіх зменных бярлог (у запаведніку знаходзілі ад двух да пяці). Часам мядзведзю не ўдаецца знайсці належнае месца і зноў залегчы ў спячку да наступных маразоў», — паведамляецца на сайце запаведніка.