«Гаюн»: На аэрадроме Мачулішчы мог быць пашкоджаны мегакаштоўны расійскі самалёт А-50. З чата Мачулішчаў выдалілі ўсе паведамленні
абноўлена
Сёння з раніцы каля аэрадрома «Мачулішчы» назіраецца актыўнасць сілавікоў. Мясцовыя кажуць, што чулі два моцныя гукі каля 8:00—9:30 раніцы. Вось што вядома на гэты момант.
26.02.2023 / 19:46
Скрыншот чата Мачулішчаў. Крыніца: тэлеграм-канал «Мотолько Помогі»
Новыя дэталі здарэння паведамляе тэлеграм-канал «Мотолько Помогі».
Сёння ў другой палове дня цалкам вычысцілі чат гарадскога пасёлка Мачулішчы — выдаленыя абсалютна ўсе паведамленні пра гукі выбухаў ноччу і раніцай, сілавікоў са зброяй і ў бронекамізэльках, пасты ДАІ, якія раптам з'явіліся, праверку аўто і дакументаў кіроўцаў, а таксама пра машыны ўнутраных войскаў.
Колькасць гэтых паведамленняў у чаце пацвярджае, што на аэрадроме сапраўды нешта адбылося.
Па словах жыхароў, у гэты момант паведамленні пра здарэнне працягваюць выдаляцца.
Матолька піша, што праверка аўтамабіляў працягваецца, машыны правяраюць ужо выбарачна, глядзяць правы кіроўцы, багажнікі, у некаторых выпадках і мабільныя тэлефоны.
ДАІ стаіць як мінімум на выездзе з Гатава, каля паваротаў на Цэсіна, Плябанцы і Дзергаі.
Ёсць даныя, што па кватэрах пачаў хадзіць АМАП у поўным абмундзіраванні. Па словах людзей, «ходзіць па сваіх бэчэбэ-спісах, шукаюць хто нешта зрабіў».
Акрамя таго, наваколле Мачулішчаў на працягу 1,5 гадзіны патруляваў верталёт.
Раней ByPol паведаміў, што па інфармацыі, атрыманай ад удзельнікаў плана «Перамога», у выніку выбухаў на аэрадроме «Мачулішчы» пашкоджаныя расійскі вайскова-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка.
Паводле папярэдніх звестак, цэллю атакі быў самалёт ДРЛА А-50 ПКС РФ, які мог атрымаць некаторыя пашкоджанні, піша «Беларускі Гаюн».
Сярод іншага, гаворка можа ісці пра пашкоджанне борта шляхам скіду з вышыні неўстаноўленага прадмета.
Расійскі самалёт дальняй разведкі А-50. Фота: Wikimedia Commons
«Гаюн» дадае, што сёння ў 18:33 на аэрадром «Мачулішчы» з РФ прыляцеў ваенна-транспартны самалёт Іл-76 ПКС РФ з рэгістрацыйным нумарам RF-86843.
Гэты борт раней ужо быў заўважаны ў Беларусі ў лютым 2022 года, калі прылятаў на аэрадромы ў Баранавічы і Мачулішчы.
А-50 — гэта вельмі каштоўны самалёт, ён ажыццяўляе дальнюю разведку. Усяго, спраўных і няспраўных, такіх самалётаў у Расіі дзевяць.
Калі вы ведаеце больш пра тое, што здарылася на аэрадроме Мачулішчы, які выкарыстоўваюць расійскія войскі, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў тэлеграм, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).