Лукашэнкаўцы думалі, што расійскі самалёт падарвала ДРГ з Украіны
Як стала вядома «Нашай Ніве», лукашэнкаўцы падазравалі ў атацы на расійскі А-50 украінскую дыверсійна-разведвальную групу, якая зайшла на тэрыторыю Беларусі.
27.02.2023 / 00:15
«Узмацнілі ахову граніцы. Нагналі людзей, пільнуем кожны кіламетр, каб не даць вярнуцца ва Украіну меркаванай ДРГ», — ананімна паведаміў «Нашай Ніве» суразмоўца з Пагранічнага камітэта.
Як вынікае з інфармацыі ад пагранічнікаў, лукашэнкаўцы напачатку лічылі, што за атакай на стратэгічны расійскі самалёт А-50, які быў пашкоджаны ў Мачулішчах, стаіць украінская ДРГ, якая пратачылася праз доўгую, тысячакіламетровую супольную граніцу, і атакавала расійскую тэхніку.
Лукашэнкаўскія СМІ пакуль ні слова не напісалі пра здарэнне на аэрадроме.
Ранкам каля 9-й раніцы на аэрадроме былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Кіраўнік аб’яднання Bypol Аляксандр Азараў паведаміў, што расійскі самалёт А-50 атакавалі з паветра. Напад з дапамогай двух дронаў учынілі ўдзельнікі плана «Перамога», яны цяпер у бяспецы.