У розных раёнах краіны з раніцы стаяць пасты ДАІ, правяраюць машыны

Пасля падрыву каштоўнага расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах, сілавікі працягваюць пошукі датычных да дыверсіі.

27.02.2023 / 10:49

Панарама з карты

«Мотолько Помогі» паведамляе, што на бягучы момант пасты ДАІ стаяць у

— Ганцавічах;

— раёне Мачулішчаў;

— Пінскім раёне (траса Р-147);

— Барысаўскім раёне (траса Р-53 паміж Жодзінам і Барысавам);

— Столінскім раёне (в. Беражное).

Па Пінскім раёне, уздоўж трасы Р-147, якая вядзе да КПП «Невель», пасты ў кожнай вёсцы, ездзіць ДАІ. Ёсць як вайскоўцы, так і міліцыя. Людзей спыняюць і даглядаюць.

Учора «Наша Ніва» паведамляла, што пагранічнікі ўзмацнілі ахову граніцы. Лукашэнкаўцы лічылі, што дыверсію ажыццявіла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група, якая зайшла на тэрыторыю Беларусі.

«Нагналі людзей, пільнуем кожны кіламетр, каб не даць вярнуцца ва Украіну магчымай ДРГ», — ананімна паведаміў «Нашай Ніве» суразмоўца з Памежнага камітэта. 

Канал «Беларусь за МКАДам» дапаўняе, што ўзмоцненыя патрулі ДАІ і вайскоўцаў з аўтаматамі выстаўлены і ў Столінскім раёне, у раёне вёскі Беражное за 30 кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Нагадаем, учора ранкам каля 9-й раніцы на аэрадроме былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Кіраўнік аб’яднання BYPOL Аляксандр Азараў паведаміў, што расійскі самалёт А-50 атакавалі з паветра. Напад з дапамогай двух дронаў учынілі ўдзельнікі плана «Перамога», яны цяпер у бяспецы.

Самалёт у Мачулішчах атакавалі двума дронамі беларусы, удзельнікі плана «Перамога» — Азараў

Nashaniva.com