Як за 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі, Польшчы і Літве. Лічбы суседзяў уражваюць
Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў Беларусі ў студзені 2023 года склала 1684,9 рубля. Гэта крыху больш за запаветныя «папяццот» на рукі. «Наша Ніва» параўнала, як за апошнія 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі і суседніх Польшчы і Літве.
28.02.2023 / 11:29
Беларусь
Пасля сплаты падаткаў сярэднестатыстычны беларус за студзень атрымаў на рукі 1 449 рублёў, што каля 518 даляраў, або каля 485 еўра.
Дзесяць гадоў таму, у студзені 2013 года, беларусы ў сярэднім атрымлівалі па 435 даляраў на рукі. Такім чынам, у даляравым эквіваленце заробкі беларусаў за апошнія дзесяць гадоў выраслі прыблізна на 19%. Інфляцыя самога даляра за гэты перыяд склала амаль 30%.
Адзначым, што ў ліпені 2014 года сярэднестатыстычны беларус атрымліваў ужо каля 540 даляраў на рукі. Гэты рэкорд 2014 года ўдалося пабіць толькі ў снежні 2022 года, калі беларусы атрымалі ў сярэднім 1647 рублёў на рукі. З улікам значных курсавых ваганняў, гэта было каля 635 даляраў ЗША.
Літва
Сярэдні заробак на рукі ў Літве складае 1153 еўра, ці каля 1225 даляраў ЗША. Дзесяць гадоў таму сярэдні заробак у Літве раўняўся 530 еўра, ці каля 715 даляраў па тагачасным курсе. Такім чынам, за апошнія 10 гадоў сярэднія заробкі ў Літве выраслі болей, чым на 70% у даляравым эквіваленце і амаль на 120% у еўра.
Польшча
Сярэдні заробак на рукі ў Польшчы па выніках студзеня 2023 года склаў 5038 злотых, ці каля 1120 даляраў ЗША, або каля 1055 еўра.
У пачатку 2013 года сярэднестатыстычны паляк атрымліваў чыстымі ў месяц 2730 злотых, што па тагачасным курсе раўнялася 840 далярам, або каля 615 еўра. Такім чынам, за 10 гадоў сярэднія заробкі ў Польшчы выраслі амаль на 35% у даляравым вымярэнні і амаль на 75% у еўра.