«Жэстачайшай дысцыпліны!» Лукашэнка адчытаў кіраўніцтва сілавога блоку. Хрэнін сядзеў як мыла з'еўшы
Пасля нарады з сілавікамі ў вузкім коле Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад іх «жэстачайшай дысцыпліны», асабліва на граніцы. Нарада адбылася на наступны дзень пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Падрыў самалёта не згадваўся, але Лукашэнка выглядаў занепакоеным. Міністра абароны Віктара Хрэніна было не пазнаць.
27.02.2023 / 15:13
Скрыншот відэа з «Пула першага»
«Яшчэ раз хачу патрабаваць ад вас жэстачайшай дысцыпліны ў воінскіх падраздзяленнях МУС і КДБ. Жэстачайшай дысцыпліны!
Кожны павінен займацца сваёй справай. У нас немалая колькасць людзей у пагонах, усе ўзброеныя, гэтыя людзі заточаныя на абарону свайго грамадства. Гэтым нам трэба карыстацца, дысцыпліна і выкананне сваіх абавязкаў — асабліва на мяжы.
Я калі кажу пра мяжу, гэта не значыць, што гэта падраздзяленне Лапо — і ўсё. Гэта міліцыя, гэта КДБ, гэта вайскоўцы — мы ўсе павінны бачыць на рубяжах нашай краіны любую, самую дробную агрэсію ў адносінах да нашай дзяржавы, каб прыняць адпаведныя меры рэагавання. Яны выкарыстоўваюць любыя выпадкі, каб ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі», — сказаў Лукашэнка.
Скрыншот відэа з «Пула першага»
За сталом, апроч Хрэніна, сядзелі дзяржсакратар Рады Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, кіраўнік КДБ Іван Церцель, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо.