Навукоўцы расказалі, які землятрус можа вытрымаць АЭС у Астраўцы
Якую велічыню разліковага землятрусу ўлічвалі пры будаўніцтве БелАЭС, распавёў галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі доктар фізіка-матэматычных навук Аркадзь Аронаў, паведамляе БелТА.
27.02.2023 / 16:41
Ён расказаў, што для тэрыторыі размяшчэння БелАЭС велічыня максімальнага разліковага землятрусу складае сем балаў па 12-бальнай шкале інтэнсіўнасці сейсмічных уздзеянняў. Менавіта гэтая велічыня ўлічвалася пры будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі.
«Акрамя таго, вядомыя суадносіны паміж інтэнсіўнасцю ў балах і паскарэннем руху грунту, таму пры праектаванні сейсмастойкіх аб'ектаў выкарыстоўваецца велічыня паскарэння. Адзначу, што павелічэнне разлікаў па будаўніцтве нават на адзін бал нясе за сабой вельмі вялікія фінансавыя выдаткі, таму навукоўцы і забудоўшчыкі не заўсёды сыходзяцца ў меркаваннях. Так, напрыклад, у Турцыі былі моцныя разбурэнні дамоў менавіта з-за непрадугледжанай небяспекі пры ўзвядзенні будынкаў. Здавалася б, карта раяніравання разлічана на дзевяць балаў, а будынак разбурыўся. З гэтага можна зрабіць выснову, што дамы былі пабудаваныя без уліку гэтых рэкамендацый», — падкрэсліў Аркадзь Аронаў.