Красамоўна. Што лукашэнкаўскія каналы напісалі пра выбухі ў Мачулішчах
Амаль нічога, і гэта пра многае кажа.
27.02.2023 / 21:37
Андрэй Мукавозчык і Марыя Пятрашка. Архіўны скрыншот з відэа
Лукашэнкаўскія прапагандысты дагэтуль ігнаруюць інфармацыю пра выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах — адказнасць за іх узяла ініцыятыва беларускіх сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол». Яны сцвярджаюць, што беларускія падпольшчыкі вывелі з ладу мегакаштоўны самалёт далёкай разведкі коштам 330 мільёнаў даляраў.
«Пул Першага»: «Завтра» і Масленка
26 лютага канал змясціў віншаванні з Масленіцай і пост рэдактара ультрашавіністычнай расійскай газеты «Завтра».
Азаронак: «Завтра» і паўдурак
На тэлеграм-канале Рыгора Азаронка 26 лютага была радасць ад поўнай залы на мінскім канцэрце расійскага поп-спевака Рыгора Лепса. Ëн таксама змясціў рэпост навіны пра рэдактара газеты «Завтра» з апакаліптычным подпісам «Лукашэнка — лідар Суднага Дня», а потым увечары апублікаваў відэа пра «Сатану, які парадзіў змагароў».
Адзіная рэакцыя на здарэнне ў Мачулішчах (але ўжо на наступны дзень) была ў кароткім выпадзе ў бок кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава без згадвання выбуху.
Дзермант: таксама «Завтра»
Прапагандыст Дзермант ніяк учора не пракаментаваў выбухі ў Мачулішчах.
Замест гэтага ён выклаў сэлфі з усё тым жа галоўным рэдактарам газеты «Завтра» і крыху паразважаў аб тым, што Расія прынесла ва Украіну.
Толькі на наступны дзень Дзермант напісаў, што інфармацыя пра выбух самалёта — гэта «вброс».
Шпакоўскі: «Расійскія калегі правалілі тэст на адэкватнасць»
Аляксандр Шпакоўскі быў адным з тых рэдкіх прапагандыстаў, хто пракаментаваў выбухі ў Мачулішчах у той жа дзень.
Пры гэтым рэакцыя была нешматслоўная: рэпост з іншага канала і ўласнае вычытванне расіянам за распаўсюджванне інфармацыі.
«Белорусскій сіловік»: Дыверсія ў Мачулішчах — фэйк
Гэты тэлеграм-канал назваў інфармацыю пра дыверсію фэйкам і заклікаў не распаўсюджваць яе.
Маўчанне
Астатнія лукашэнкаўскія каналы інцыдэнт у Мачулішчах не згадвалі. Паства пастыра Суднага дня — Людміла Гладкая, «Жоўтыя слівы», Ігар Тур, «Я/Мы АМОН», «Зводкі цэнтра», «Кіберграф Віленскі» ўвогуле з гэтай нагоды нічога не напісалі.
У той жа час сілавікі пачалі сачыць і шукаць у інтэрнэце тых, хто выказваецца пазітыўна наконт знішчэння расійскага самалёта.
Факт маўчання афіцыйнага Мінска красамоўны. На фоне таго, што адначасова на межах краіны распачаліся беспрэцэдэнтныя меры кантролю людзей на выезд, а на дарогах з'явіліся пасты ДАІ, маўчанне гэта, напэўна, знак, што наступствы дыверсіі самыя сур'ёзныя. Інакш бы ўжо той самалёт паказалі.