Салата з радыскі і зеляніны — папаўняем запас вітамінаў
Гэтую салату традыцыйна гатуюць увесну, як толькі з'яўляецца першая радыска.
11.03.2023 / 17:40
Салата з радыскай. Фота: Freepik.com
Галоўнага героя гэтай стравы — радыску — часта абмінаюць належнай увагай, хоць яна ўтрымлівае вялікую колькасць карысных мікраэлементаў. У нашых шыротах радыска папулярная ў канцы вясны, аднак цяплічную і прывазную гародніну можна знайсці ў супермаркеце і зараз.
Тонка нарэзаныя радыску і зялёную цыбулю (асабліва калі ў вас цыбуля-шалот) спачатку лепш ненадоўга замачыць у салёнай вадзе — гэта добры спосаб зрабіць радыску менш вострай і крыху змякчыць смак сырой цыбулі. Потым гародніну трэба заправіць ёгуртам ці смятанай і, калі любіце ды маеце, дадаць да яе зеляніну. Пасуе як спалучэнне свежай мяты і кропу (па 2 сталовыя лыжкі кожнага), так і базілік, кінза.
Для салаты спатрэбяцца:
- соль і чорны перац,
- 600—700 г нарэзанай радыскі,
- зялёная цыбуля,
- ёгурт без дабавак або смятана,
- 2 сталовыя лыжкі свежавыціснутага лімоннага соку,
- нарэзаная свежая зеляніна — гэта можа быць кроп, мята, базілік, каляндра ці любая іншая зеляніна з мяккім смакам.
- У вялікай місцы змяшайце 3 шклянкі халоднай вады і 2 чайныя лыжкі солі — да растварэння. Дадайце радыску і цыбулю; дайце пастаяць 15 хвілін.
- Адкіньце радыску і цыбулю на друшляк. Вытрыце міску насуха і змяшайце ў ёй ёгурт і лімонны сок. Дадайце асушаную радыску і цыбулю, кроп і мяту. Змяшайце, пасаліце і паперчыце.
Іншыя варыянты рэцэпта і дробныя сакрэты:
- смятана замест грэцкага ёгурту робіць салату больш сметанковай на смак;
- выкарыстоўвайце нарэзаную зялёную цыбулю замест цыбулі-шалот для больш мяккага смаку (у такім выпадку цыбулю ў халоднай вадзе можна і не замочваць);
- можна замяніць шалот чырвонай цыбуляй і дадаць маладую кінзу замест кропу;
- можна дадаць тонка нарэзаны агурок;
- трохі аліўкавага алею будзе таксама вельмі дарэчы;
- дадайце раскрышаны казіны сыр для больш крэмавай тэкстуры і прысмаку.