Міліцыянты ў Гомелі перасталі выдаваць копіі адміністрацыйных пратаколаў
Гомельская міліцыя перастала аддаваць копіі адміністрацыйных пратаколаў грамадзянам, затрыманым па «палітычных» артыкулах. На такую тэндэнцыю звярнуў увагу валанцёр Ілля Міронаў, які пасля выхаду з СІЗА №3 некалькі разоў адбываў пакаранні паводле народнага артыкула 19.11 ч.2 (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша «Штодзень».
28.02.2023 / 14:20
Ілля Міронаў
8 снежня Іллю ў чарговы раз арыштавалі за падпіску на ФБ-супольнасць «Святлана Ціханоўская», на якую ён быў падпісаны яшчэ з 2020 года. Тады яму ўпершыню не выдалі копію пратакола. «Такога раней ніколі не было. У дачыненні да мяне з 2011 года было складзена многа пратаколаў — і кожны раз мне выдавалі копіі, з якімі я нават знаходзіўся ў ІЧУ», — кажа Ілля Міронаў.
Па выхадзе з ІЧУ Ілля чакаў, што яму вышлюць копію па пошце, але праз тры месяцы пратаколы зноў не дайшлі да адрасата. Тады ён напісаў скаргу на імя начальніка РАУС Савецкага раёна. Міліцыянты, у сваю чаргу, у адказе параілі наконт пратакола звярнуцца ў суд, які яго адправіў на суткі.
«24 лютага мне патэлефанавалі з суда і паведамілі, што я павінен заплаціць у банку грошы за выдачу копій, а чэкі прынесці ў канцылярыю. 27 лютага пасля аплаты 11 рублёў 46 капеек я атрымаў нарэшце копіі пратаколаў, сутыкнуўшыся з дзеяннямі, якія выклікалі марнаванне рэсурсаў як фізічных, так і фінансавых, не кажучы пра нервовыя перажыванні», — падсумоўвае Ілля. Паводле гамельчука, яго сябры і блізкія, якія апошнім часам прайшлі праз рэпрэсіі, таксама не атрымліваюць копіі адміністрацыйных пратаколаў.