У мабільным дадатку Сбербанка прыбралі беларускую мову
Раней у мабільным дадатку беларуская мова была, але пасля яго абнаўлення знікла. У Сбербанку расказалі, чаму.
03.03.2023 / 12:33
Фота: Гугл-карта
Банк спаслаўся на тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам інтэрфейс і выхадныя дакументы павінны фарміравацца на адной з дзяржаўных моў — беларускай ці рускай.
«Зараз па рашэнні банка ў мабільным дадатку можна выкарыстоўваць толькі рускую мову, магчымасць выбару іншай мовы адсутнічае.
Гэта рашэнне з'яўляецца правам банка, не парушае дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і абумоўлена высокімі выдаткамі на падтрыманне дадатковых лакалізацый пры малой кліенцкай базе карыстальнікаў беларускага моўнага пакета», — адказалі на электронны зварот у банку.
Сбербанк — адзін з найбуйнейшых банкаў у Беларусі. Ён уваходзіць у склад міжнароднай групы Сбербанка Расіі.
У снежні 2009 года ўрад Беларусі і Сбербанк Расіі аб'явілі аб падпісанні пагаднення аб куплі Сбербанкам Расіі 93,27 працэнта акцый БПС-Банк.