Навуковец апошнія 20 гадоў пражыў у сваёй вёсцы, гадуючы козаў

Міхась Скобла расказвае гісторыю канца жыцця Міколы Арочкі.

03.03.2023 / 13:21

Дзесяць гадоў, як няма з намі паэта і навукоўца Міколы Арочкі.

Апошнія гадоў дваццаць ён пражыў, як Рабінзон на пустэльнай выспе, як Дыяген у бочцы. Сам казаў мне пра гэта падчас нашых нячастых сустрэч у вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Забытая Богам і рэйсавымі аўтобусамі, амаль вымерлая вёска нездарма параўноўвалася ім з неабжытай выспай і цеснай бочкай.

Пагаварыць там доктару філалагічных навук, паэту, аўтару дваццаці пяці кніг не было з кім. Хоць насамрэч днём з ліхтаром па вуліцы хадзі, як той старагрэцкі філосаф, у пошуку чалавека.

Асабліва з жыццём пустэльніка было цяжка звыкнуцца ў першыя гады пасля развітання са сталіцай, дзе трагічна загінулі два ягоныя сыны. Іх смерць і змусіла згараванага бацьку пакінуць Менск, Акадэмію навук, якой аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Думаў — праца на зямлі верне сілы, не дасць упасці ў беспрасветны смутак. І не памыліўся. Але без інтэлектуальнага асяродка сумаваў.

Калі мы з Сяргеем Чыгрыном прыязджалі ў адведкі — доўга не адпускаў, пра ўсё распытваў, чытаў свае новыя вершы, якія чамусьці, як змовіўшыся, перасталі друкаваць сталічныя выданні.

Адзінай сувяззю са светам быў грувасткі радыёпрыёмнік яшчэ савецкага вырабу, па якім вецявіцкі пустэльнік слухаў пераважна «Радыё Свабода». Але неяк у пакінутую незамкнёнай хату залезлі невядома адкуль прыбылыя зладзеі. Вынеслі стары халадзільнік, сапсаваны пыласмок, нешта з апраткі і, галоўнае, прыёмнік. Ні па чым так не бедаваў гаспадар хаты, як па ім.

Мы падгаворвалі яго пісаць успаміны, а ён адмахваўся — хлопцы, няма калі. Паказваў свае спрацаваныя рукі, ківаў на сялянскі рыштунак пры хаце. І, як далёкія продкі ў XIX стагоддзі, што не ведалі ніякай механізацыі, хадзіў за плугам, касіў касой траву, даглядаў жывёлу і птаства. «За першыя сем летаў я накасіў сто вазоў сена!» Якія там успаміны…

У вершах Міколы Арочкі жыла і змагалася Заходняя Беларусь, падымала народ статысячная Грамада, бунтавалі палітзняволеныя на Лукішках. Ён ажыўляў гісторыю. Яшчэ ў 70-я гады, калі ў айчыннай гістарыяграфіі панавала абэцэдаршчына, паэт напісаў дзве выдатныя драматычныя паэмы — «Курганне» і «Крэва» (выйшлі пад адной вокладкай у 1982-м), дзе вялікія князі Ягайла і Вітаўт звярталіся да чытача на дзяржаўнай мове ВКЛ — беларускай.

А якой знаходкай для нас, студэнтаў, былі аўтарскія каментары да згаданых паэмаў! Каментары тыя «цягнулі» на энцыклапедычныя артыкулы. З іх можна было даведацца пра жыццяпісы вялікіх князёў, навыпісваць старабеларускай лексікі: маргаслепы, долнік, зжэніна (каханка)…

Гэта ў «Крэве» я вышукаў назву для свайго першага паэтычнага зборніка «Вечны Зніч», пра што Мікалаю Мікалаевічу праз гады было прыемна пачуць у занесеных снегам Вецявічах.

Восем тысяч чытачоў «Крэва» (такі наклад кнігі) спускаліся разам з Вітаўтам у лёхі Крэўскага замка, прысутнічалі пры зацятых спрэчках Вітаўта з Ягайлам, чулі лямантацыі Вітаўтавай кароны, якая так і не даехала да Вялікага Княства:

Мяне перанялі велькапаляне.

Ніводзін звер не знаў такіх засад!

На кожнай сцежцы — біскуп ці магнат.

І меч. То ж на карону паляванне!

Мяне, рассекшы мечам надвая,

Прыцвікавалі ў Кракаўскім саборы…

Як сімвалічна са сцяны гаворыць

Пра еднасць душ, пра лёс наш плоць мая!

Далікатны ў абыходку з людзьмі і з кожнай жывой істотай, Мікола Арочка і ў слове адчуваў і вычуваў кожны гук. Мог па-майстэрску ва ўласны верш уплесці фальклорны малюнак: «Іду, як заварожаны, / а спеў плыве з-за гаці: / не ўсе лугі пакошаны, / не ўсе сенажаці». І дзе тут народнае, а дзе Арочкава?

Урабляючы зямлю і даглядаючы козаў, накошваючы свае незлічоныя стагі сена, паэт у апошнія гады зусім заняпаў здароўем. А тут яшчэ ў вёсцы аб’явіўся адзін зацяты прыхільнік «русского мира» і ўсяго, з ім звязанага. Палітычныя дыскусіі і спрэчкі, што важней — каўбаса ці мова, здароўя, вядома, не дадавалі. Сілы пакідалі Арочку. Вось адзін з яго апошніх вершаў «Падсочка»:

Дажываюць сосны бору.

Бор той не стары.

Галаву задзёршы ўгору,

Ходзяць там майстры

І разцом шваргочуць моўчкі.

Крапне з-пад ляза

Не жывіца ад падсочкі,

А бурштын-сляза.

Льецца ў посуд, нібы ў лейку,

Праз канаўку-роў.

Меднастволіцам — паўвеку.

Маладая кроў…

Ды заступніцкае моцы

Я не маю тут.

Сам я чуюся ў падсочцы,

Як і ўвесь мой люд.

Аднойчы, прыехаўшы ў Вецявічы, я пабачыў сапраўдны букалічны краявід. Мікола Арочка сядзеў на поплаве пад здзічэлай яблыняй, а вакол яго пасвіўся цэлы статак козаў. Наводдаль скублі траву каровы і раз-пораз рыкалі ў вялікія доўгія трубы, зрыхтаваныя для газаправода Ямал — Еўропа. «Зірні — ім падабаецца трубіць і чуць рэха», — сказаў паэт-пастух. Мы яшчэ тады памеркавалі, куды каровы хутчэй дарыкаюцца — да Ямала ці да Еўропы.

І на пашы, і на сенажаці Мікола Арочка не разлучаўся з лазовым кошыкам. Насіў у тым кошыку — рукапісы і Біблію. Рукапісы ён увесьчасна дапісваў і дапрацоўваў, а Біблію чытаў у любую вольную хвіліну. У тую нашу апошнюю сустрэчу яго вельмі цікавіла Евангелле ад Іаана, ён нават некалькі разоў паўтарыў: «І Слова стала плоццю і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды».

І Арочкава слова таксама было напоўненае праўдай і мілатой.

Nashaniva.com