Чалавецтва стаіць на парозе перамогі над атлусценнем. І мае наватарскі сродак ад дыябету
Новы від лекаў выклікаў ажыятаж у свеце: яшчэ ніколі раней не ўдавалася дабіцца страты вагі на 15% без спецыяльных дыет і фізічных практыкаванняў. Аднак святкаваць пакуль зарана, бо доўгатэрміновыя эфекты павінны быць старанна вывучаныя.
12.03.2023 / 11:35
Камароўка ў Мінску. Выява: Nashaniva.com
Новы клас лекаў з мудрагелістай назвай «аганіст рэцэптара GLP-1», здаецца, сапраўды працуе. Антыдыябетычны прэпарат «Семаглутыд», які быў распрацаваны дацкай фармацэўтычнай кампаніяй Novo Nordisk, прыводзіць да страты вагі прыкладна на 15%, згодна з клінічнымі выпрабаваннямі. Ён ужо прадаецца пад брэндам Wegovy ў Амерыцы, Даніі і Нарвегіі і неўзабаве будзе даступны ў іншых краінах.
Ozempic, версія з меншай дозай, таксама ўжо прысутнічае на рынку і часта выкарыстоўваецца «не па непасрэдным прызначэнні», а для пахудзення.
Аналітыкі прадракаюць гэтым лекам астранамічныя абароты на фармацэўтычным рынку ўжо ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе і прагназуюць вялікую распаўсюджанасць падобных прэпаратаў.
І гэта выглядае вельмі ўчасным вынаходніцтвам, улічваючы крайне негатыўныя тэндэнцыі з распаўсюджаннем атлусцення. Брытанская няўрадавая арганізацыя Сусветная федэрацыя атлусцення прагназуе, што да 2035 г. колькасць людзей з лішняй вагой або атлусценнем можа скласці ашаламляльныя 4 мільярды. Што характэрна, хутчэй за ўсё насельніцтва набірае кілаграмы не на «багатым Захадзе», а ў краінах кшталту Егіпта, Мексікі ці Саудаўскай Аравіі.
Насуперак стэрэатыпным уяўленням, сусветны рост колькасці людзей, якія пакутуюць на атлусценне, не з'яўляецца прыкметай маральнай няўдачы людзей з лішняй вагой — гэта вынік біялогіі. Гены, якія былі жыццёва важныя для таго, каб дапамагчы людзям перажыць зімы і голад, працуюць гэтак жа і сёння. Аднак празмерная колькасць апрацаваных харчовых прадуктаў у апошнія дзесяцігоддзі прынесла — разам з большай зручнасцю і меншымі выдаткамі на вытворчасць — таксама і тэндэнцыю да пераядання пры больш сядзячым ладзе жыцця.
Як гэта часта здараецца, новыя лекі з'явіліся выпадкова: раптам было заўважана, што лячэнне, прызначанае для дыябетыкаў, выклікае таксама і страту вагі. «Семаглутыд» імітуе выкід гармонаў, якія стымулююць пачуццё сытасці і зніжаюць апетыт. Непераадольнае жаданне паесці ў выніку проста адключаецца.
Інвестары і схуднелыя карыстальнікі ў захапленні: рынкавая капіталізацыя вытворцы Novo Nordisk падвоілася за два гады да 326 мільярдаў долараў, што зрабіла яе другім па кошце вытворцам лекаў у свеце. І гэта, хутчэй за ўсё, толькі пачатак. Але, як і ў выпадку з любымі новымі перспектыўнымі лекамі, ёсць няяснасці: у першую чаргу гэта бяспека і даступнасць.
Натуральна доўгатэрміновыя наступствы прыёму пакуль невядомыя. Хоць для лекаў з меншай дазіроўкай пабочныя эфекты кшталту ванітаў і дыярэі былі лёгкімі, пры выкарыстанні больш шырока і ў вышэйшых дазіроўках могуць з'явіцца і іншыя наступствы. Даследаванні на жывёлах паказалі больш высокую частату раку шчытападобнай залозы, а пра наступствы выкарыстання падчас або непасрэдна перад цяжарнасцю ўвогуле вядома мала. Усё гэта запатрабуе ўважлівага аналізу з дапамогай кантраляваных падоўжаных даследаванняў.
Разуменне гэтых рызык будзе важным, таму што многім пацыентам, якія вырашацца прымаць лекі, яны могуць спатрэбіцца да канца жыцця. Як і пры адмове ад дыеты, спыненне прыёму высокай дозы «Семаглутыду» звязанае з вяртаннем большай часткі страчанай вагі. А некаторыя людзі набіраюць нават больш кілаграмаў, чым страцілі.
Іншы клопат — кошт. The Economist распавядае, што ў ЗША рахунак за Wegovy складае каля 1300 даляраў на месяц, а для Ozempic каля 900 даляраў. Такім чынам, пажыццёвыя рэцэпты будуць выглядаць неверагодна дорага. Але часам фармацэўтычныя кампаніі могуць складаць дамовы з урадамі і медыцынскімі работнікамі з мэтай ахопу ўсяго насельніцтва, забяспечваючы такім чынам вялікія аб'ёмы ў абмен на нізкія цэны. А перспектыва прыбытку ўжо вабіць канкурэнтаў: гіганты сусветнай фармвытворчасці ўжо працуюць над канкуруючымі прэпаратамі.
Доўгія гады людзям з дыябетам 2 тыпу, якім трэба было прымаць лекі для зніжэння ўзроўню цукру ў крыві, прапісвалі метфармін. Новыя рэкамендацыі цяпер раяць пацыентам пачынаць з аднаго з новых лекаў ад дыябету, які таксама можа паменшыць вагу і абараніць сэрца і ныркі.
Гэтыя новыя лекі ад дыябету належаць да двух класаў, вядомых пад абрэвіятурамі SGLT-2 і GLP-1 па прынцыпе іх дзеяння.
Аднак новыя прэпараты каштуюць даражэй, чым метфармін, і некаторыя пацыенты могуць быць не ў стане дазволіць сабе выдаткі з уласнай кішэні і ім трэба будзе выкарыстоўваць метфармін, кажуць лекары. Ozempic, напрыклад, пералічвае амаль 900 долараў у месяц, а Jardiance — каля 590 долараў у месяц.
Тым часам іншыя меры па барацьбе з атлусценнем ніхто не адмяняў. Фізічныя практыкаванні, здаровае харчаванне і рэжым дня — найлепшы сродак у барацьбе з лішняй вагой.