«Падзе Крым». Прыгожын дапускае, што абвал фронту можа пачацца пад Бахмутам
Кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын прадракае, што прарыў фронту ўкраінскай арміяй можа здарыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Вагнераўцы сутыкаюцца са «снарадным голадам», кажа Прыгожын.
05.03.2023 / 12:50
Яўген Прыгожын. Скрын відэа
Яўген Прыгожын у інтэрв'ю расійскаму шавіністычнаму тэлеграм-каналу Regnum назваў сваю групоўку апораю расійскіх войскаў у Луганскай вобласці.
Па словах Прыгожына, калі расійскаму войску было цяжка, яму ўдалося пераканаць Пуціна ў неабходнасці ўдзелу вагнераўцаў у вайне ва Украіне. Яны сталі «на Бахмуце пераломваць і канцэнтраваць на сабе ўкраінскую армію».
Прыгожын прызнае: калі ўкраінскае войска прарвецца, то вагнераўцы застануцца ў гісторыі як «людзі, якія зрабілі асноўны крок у пройгрышы ў вайне».
Па яго словах, цяпер вагнераўцы сутыкаюцца са «снарадным голадам» і завуалявана, словамі сваіх байцоў даводзіць, што тое робіцца наўмысна.
«А ці не могуць гэту гісторыю разыгрываць дзесьці ў глыбінях Міністэрства абароны, а можа і вышэй, каб патлумачыць усяму расійскаму народу, чаму адбыліся ў нас такія непрыемнасці. А раптам яны хочуць падставіць нас і сказаць, што мы нягоднікі, і таму нам не даюць боепрыпасы, узбраенне і не даюць папаўняцца асабовым складам, у тым ліку заняволенымі», — даводзіць Прыгожын.
Ён дадае: калі адбудзецца прарыў фронту, то ў гісторыі застанецца фармулёўка аб тым, што група наёмнікаў не дамовілася з кіраўніцтвам дзяржавы, Міністэрствам абароны, Мінфінам і рэзка адскочыла ад Бахмута.
«Напружаная ўкраінская армія злева, справа па флангах і ў цэнтры ўварвалася на тэрыторыю «ЛНР», змяла Луганск, Краснадон, выйшла на тэрыторыю Расіі. Армія вымушана была спрабаваць стабілізаваць фронт, і пасыпаліся флангі. Далей падзе Крым, і будзе шмат іншых непрыемнасцяў», — прагназуе Прыгожын.
Прыватная вайсковая кампанія «Вагнер» створана ў 2013 годзе набліжаным да Пуціна былым крымінальнікам з Пецярбурга Яўгенам Прыгожыным для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах без прыцягнення рэгулярных войскаў. Яе камплектуюць расійскімі і замежнымі наймітамі, асуджанымі крымінальнікамі.
Яна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з 2014 года. Вагнераўцы ваявалі ў Сірыі на баку саюзніка Расіі рэжыму Асада, у Судане, Лівіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Малі. Іх падазраюць у шматлікіх ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці.
У 2023 годзе Міністэрства фінансаў ЗША прызнала гэтую структуру транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй, а Вярхоўная Рада Украіны — міжнароднай злачыннай арганізацыяй.