Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся «правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку»

Загад пра такую зачыстку быў дадзены яшчэ да дыверсіі супраць расійскага самалёта ДРЛА А-50, заявіў ён 7 сакавіка.

07.03.2023 / 14:07

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што распарадзіўся правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку. З яго слоў, загад пра такую зачыстку быў дадзены яшчэ да дыверсіі супраць расійскага самалёта ДРЛА А-50. 

«Каб не было размоў, усе павінны разумець, і я гэтага не адмаўляю, — я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці вельмі жорсткую зачыстку», — сказаў Лукашэнка, выступаючы перад жанчынамі, якіх ён узнагароджваў з нагоды 8 Сакавіка, перадае яго прэс-служба.

Ён прапанаваў беларусам здавацца, пакуль да іх не прыйшлі сілавікі.

«Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць, — пагражаў ён. — Нічога не змянілася. Таму мы іх павінны знайсці. А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт — калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаванне. Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», — пагражаў Аляксандр Лукашэнка ўсім нязгодным з ім.

На яго думку, беларусы за мінулыя два з паловай гады нічога не зразумелі.

«Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-людску: калі вы адумаліся — вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсць там адурэлыя, адурманеныя, хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Але тыя, хто здзяйснялі, а асабліва цяпер здзяйсняюць вось такія падобныя правапарушэнні, — мы іх знойдзем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Nashaniva.com