Чаму расійская авіяцыя так слаба праявіла сябе ва Украіне: пяць памылак Пуціна
Пралікі Расіі, якія былі зробленыя падчас уварвання ва Украіну, разабраў ізраільскі вайсковы эксперт Ніцан Садан. Прыводзім асноўныя тэзісы.
08.03.2023 / 13:58
Расійская калона, цалкам знішчаная ўкраінскім агнём. Фота: AP
Першая памылка: недаацэнка ролі беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). На момант пачатку вайны ў Расіі была некаторая колькасць такіх сістэм, як «Арлан», «Арыён» і «Ланцэт», але расійская армія не задзейнічала іх у першыя дні ўварвання. Нешта задзейнічалі крыху пазней, нешта падцягнулі амаль праз год, а нешта дык і ўвогуле не змаглі належным чынам рэалізаваць, піша ізраільскае інтэрнэт-выданне «Калькуліст».
Але было ўжо позна, сілы абароны Украіны змаглі мабілізавацца і даць бой. Эфект ад БПЛА быў бы, калі б іх масава выкарыстоўвалі ў першыя дні. З другога боку, расіяне і блізка не чакалі, што ўкраінцы акажуцца вялікімі майстрамі ў БПЛА і іх выкарыстанні. Гэта быў найвялікшы пралік.
Выснова: любая падрыхтоўка да вайны ў XXI стагоддзі павінна пачынацца не з танкаў ці самалётаў, а з пытанняў БПЛА.
Другая памылка: расіяне не ўмеюць рабіць тое, што па-англійску называецца BDA (Bomb Damage Assessment), — ацэнка баявых пашкоджанняў, ацэнка эфектыўнасці ўжывання бомбаў ці ракет. Трэба разумець, што BDA — частка шырэйшай дысцыпліны баявых ацэнак, але нават у такой базавай тэме, як ацэнка дакладнасці пападання ракет, у расіян усё максімальна слаба. Узброеныя сілы РФ не валодаюць BDA. Няма ні дысцыплін, ні практык, ні рэсурсаў на гэта.
Выснова: поўнае няведанне рэальных сіл Украіны, што знішчаецца, а што не. Усё гэта прыводзіць да хлуслівай інфармацыі, на аснове якой пасля Узброеныя сілы Расіі будуюць свае ваенныя аперацыі, якія ў сваю чаргу заканчваюцца правалам.
Трэцяя памылка: ідыёцкі падыход расіян да палявання на ўкраінскія зенітна-ракетныя комплексы (ЗРК).
Досвед паказвае, што знішчэнне супрацьпаветранай абароны (СПА) — першасная і найважнейшая мэта ў сучаснай вайне, і на гэта павінны быць кінутыя ўсе намаганні. Выяўленне СПА — задача складаная, комплексная і шматузроўневая. Як выявілася, расіяне ўвогуле не вучыліся такім метадам і проста не ведаюць, як выяўляць сістэмы ЗРК і душыць іх.
Выснова: 90% страт Паветрана-касмічных сіл (ПКС) РФ складаюць страты ад удараў ЗРК і пераносных ЗРК. Гэта прывяло да паралічу і бескарыснасці вялікага парку баявой авіяцыі Расіі. Сотні сучасных самалётаў ПКС РФ маглі б адыграць істотную, а магчыма, што і пераломную ролю ў гэтай вайне, калі б расіяне ўмелі выяўляць і знішчаць СПА ворага.
Чацвёртая памылка: расіяне не ўмеюць весці агульнавайсковы бой і не разумеюць, што такое паслядоўнасць баявых задач. ПКС РФ жывуць сваім жыццём, не забяспечваюць падтрымку сухапутным часцям, не знішчаюць ключавых цэляў, выконваюць разрозненыя і нескаардынаваныя заданні і працуюць павольна, не ўмеючы хутка рэагаваць на сітуацыю на полі бою.
Выснова: Украіна праводзіць паспяховыя наземныя і марскія аперацыі, а ў расіян ёсць добрыя баявыя самалёты, але няўменне і няведанне, як працаваць скаардынавана ў рамках агульнавайсковага бою, нівелюе ўсе тэхналагічныя і колькасныя перавагі ПКС РФ.
Пятая і самая галоўная памылка: Расія жыве ў культуры хлусні, якая культывуецца і квітнее. Ніхто не хоча працаваць, выконваць свой абавязак ці прытрымлівацца пратаколаў, усё робіцца цапу-лапу і толькі для справаздачнасці, каб вышэйстаячыя кіраўнікі былі задаволеныя. Пануе агульная культура імітацыі, а не рэальнай працы. Гэта прыводзіць да татальнай неэфектыўнасці ўсяго — ад кіравання да банальнай кепскай працы прыбораў.
Выснова: гэта галоўны правал. Культура хлусні робіць неэфектыўнай расійскую дзяржаву і грамадства наогул, але ПКС РФ, як структура складаная і вельмі патрабавальная, найбольш ад гэтага пакутуе.
Галоўная выснова: магчыма, гэтая вайна ўвогуле не пачалася б, калі б расійскі ўрад разумеў, што ўкраінцы — асобны народ, яны не будуць сустракаць расійскую армію як вызваліцеляў, якія прыйшлі выбавіць іх ад заходняга ўплыву. Татальная безгрунтоўнасць ПКС РФ і іх няздольнасць паўплываць на гэтую вайну прывялі сітуацыю да таго стану, у якім УС РФ знаходзяцца сёння, а менавіта да зацяжной мясарубкі на знясіленне.