Штучны інтэлект: як Google плануе перахапіць лідарства ў гэтай галіне 

Новая ўнутраная дырэктыва Гугла патрабуе, каб «рэпрадуктыўны штучны інтэлект» быў уключаны ва ўсе найбуйнейшыя прадукты цягам некалькіх месяцаў.

10.03.2023 / 20:43

Фота: pixabay

Google даўно валодае рэпутацыяй кампаніі, якая робіць доўгатэрміновыя стаўкі на разнастайныя «далёкія» ці футурыстычныя тэхналогіі. У яе лабараторыях праходзіла вялікая частка даследаванняў, якія ляжаць у аснове цяперашняй хвалі з’яўлення чат-ботаў на аснове штучнага інтэлекту. Таму можна сабе ўявіць расчараванне кіраўнікоў Google пасля таго, як стартап OpenAI стаў адным з першых лідараў у стварэнні рэпрадуктыўнага ШІ, запусціўшы свой хіт ChatGPT у лістападзе мінулага года. 

Раптоўны поспех прымушае мацярынскую кампанію Alphabet Inc. паспрабаваць дагнаць страчанае ў адной з ключавых сфер сучасных тэхналогій, якая, па словах галоўнага выканаўчага дырэктара Google Сундара Пічаі, будзе «больш фундаментальнай, чым агонь або электрычнасць».

ChatGPT, які ўжо цяпер многія разглядаюць як канкурэнта традыцыйнай пошукавай сістэмы Google, здаецца яшчэ больш пагрозлівым канкурэнтам, улічваючы цесныя сувязі OpenAI з Microsoft Corp. Адчуванне таго, што Google можа адстаць у галіне, якую кампанія лічыла сваёй ключавой сілай, прывяло да немалой трывогі ў кіраўніцтва, распавядае Bloomberg.

Выданне паведамляе, што ў дзейнасць кампаніі нашмат больш актыўна, чым у папярэднія гады), уключыліся нават сузаснавальнікі Google Лары Пэйдж і Сяргей Брын. Найвышэйшае кіраўніцтва быццам абвясціла «чырвоны код», які суправаджаецца дырэктывай аб тым, што ўсе найбольш важныя прадукты — тыя, у якіх больш за мільярд карыстальнікаў — павінны ўключаць рэпрадуктыўны ШІ. На выкананне дадзена «некалькі месяцаў».

У якасці ранняга прыкладу прыводзіцца нядаўняя абвестка кампаніі пра тое, што неўзабаве стваральнікі відэа на платформе YouTube змогуць выкарыстоўваць тэхналогію ШІ для віртуальнай змены ўбораў.

Google не самотны ў сваім перакананні, што ШІ цяпер — гэта наша ўсё. Сіліконавая даліна ахопленая ажыятажам: венчурныя капіталісты і прадпрымальнікі раптам пераключыліся са сваіх нядаўніх дакучлівых абсэсій кшталту блокчэйну, убачыўшы, што цэны на іх акцыі ўзлятаюць пасля аб'яўлення аб інтэграцыі прадуктаў з ШІ.

У апошнія тыдні генеральны дырэктар Meta Platforms Inc. Марк Цукерберг таксама засяродзіўся на ШІ, адклаўшы часова ў бок нават працу над сваім галоўным дзіўным «дзіцём», метасусветам — тэхналогіяй, якую ён нядаўна абвясціў настолькі асноватворнай для кампаніі, што спатрэбілася ажно змяніць яе назву (з Facebook на Meta).

Тым не менш, у доўгатэрміновай перспектыве сённяшняе (часовае?) лідарства OpenAI у галіне можа не мець вялікага значэння, улічваючы велізарныя магчымасці Google. Некаторыя эксперты кажуць, што рэчаіснасць, насамрэч, можа выявіцца іншай, бо Google выкарыстоўвае машыннае навучанне ўжо шмат гадоў, уплятаючы ШІ ў свае ключавыя спажывецкія прадукты (напрыклад, Gmail ці Google Фота). Таму, магчыма, Google у некаторых сваіх асноўных прадуктах ужо апярэдзіў на гады астатніх прадстаўнікоў галіны.

Сапраўды, Google зрабіў адзін з найбольш важных унёскаў у даследаванне мадэляў ШІ. Але цікава, што амаль усе супрацоўнікі-даследчыкі, якія стаялі ля вытокаў распрацоўкі рэпрадуктыўнага ШІ, у свой час пакінулі Google — прычым некаторыя матывавалі гэта жаданнем вызваліцца ад абмежаванняў вялікай кампаніі. Шмат хто з даследчыкаў апынуўся якраз у OpenAI (а таксама ў мностве меншых стартапаў). 

У сувязі з гэтым асабліва актуальна гучыць гісторыя пра кампанію Xerox Parc, якую згадвае Кевал Дэсаі, былы супрацоўнік Google і дзейны кіраўнік кампаніі венчурнага капіталу Shakti. Xerox Parc — гэта даследчая лабараторыя, якая вельмі шмат у чым заклала аснову для пачатку эры персанальных камп’ютараў; і ўсё толькі каб убачыць, як Apple і Microsoft будуюць свае трыльённыя імперыі на аснове іх даследаванняў. Такім чынам, Google хоча пераканацца, што не з’яўляецца новай Xerox Parc, кажа Дэсаі, калі ўсе інавацыі стварыліся ў кампаніі, але нічога з іх не было рэалізавана на практыцы.

Nashaniva.com