Стала вядома, хто такі Якуцік, пра якога па ўсёй Беларусі дапытвалі стралкоў, і ў чым яго абвінавачваюць
Дзяржаўныя СМІ раскрылі таямніцу таго, чаму сілавікі так зацята шукалі гэтага мужчыну.
12.03.2023 / 10:18
Віталь Якуцік. Фота: tvr.by
Сёння ў чарговым фільме БТ распавялі, у чым менавіта вінавацяць Віталя Якуціка, і раскрылі яго асобу.
Віталь Якуцік — 35-гадовы беларус. Ён захапляўся стральбой і стабільна займаў высокія месцы на спаборніцтвах па практычнай стральбе ў Беларусі. Віталь — адзін з найлепшых стралкоў у нашым рэгіёне.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», раней Якуцік працаваў праграмістам у кампаніі IBA.
Лукашысты мяркуюць, што менавіта ён перавёз у Беларусь дроны, якімі атакавалі самалёт А-50. Мяркуючы па ўсім, ён знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Нагадаем, менавіта Якуцік быў аб'ектам цікавасці сілавікоў на допытах стралкоў у Мінску і вобласці. Людзей накіроўвалі на паліграф, каб яны адказалі, ці знаёмыя з ім. Масавыя затрыманні стралкоў-аматараў, рэканструктараў і страйкбалістаў адбыліся на мінулым тыдні.
«Наша Ніва» два дні таму накіравала на мэйл Віталя Якуціка запыт пра каментар, адказу пакуль не атрымалі.
Чытайце яшчэ:
Каго менавіта затрымалі ў вёсцы Чарцяж? Гэта сямейная пара, у іх двое дзяцей