«Мэтанакіраваная акцыя па дыскрэдытацыі праекта». Мінэнерга адмаўляе, што з Беларускай АЭС нешта не так

Міністэрства энергетыкі Беларусі рашуча запярэчыла апублікаванай сёння інфармацыі літоўскай разведкі пра тое, што на Беларускай АЭС раз за разам узнікаюць непаладкі, якія старанна хаваюцца і беларусамі, і расіянамі. 

09.03.2023 / 23:07

Мінэнерга назвала інфармацыю Літвы пра БелАЭС «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі праекта» і «фармаванні негатыўнага стаўлення» да станцыі.

Звесткі, апублікаваныя літоўскім бокам, маўляў, «нічым не пацверджаныя», а інфармаванне пра рамонтныя работы вялося «адкрыта і празрыста». Калі ж там што і адбываецца, то выключна ў адпаведнасці з планамі.

«Бяспека працы сістэм і абсталявання БелАЭС была і застаецца абсалютным прыярытэтам на ўсіх этапах будаўніцтва і эксплуатацыі атамнай станцыі. Тэхналогіі па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, якія выкарыстоўваюцца ў рамках праекта, паспяхова прымяняюцца ў іншых краінах і даказалі сваю надзейнасць і эфектыўнасць. Для выключэння магчымых адхіленняў у працы тэхналагічных сістэм і абсталявання на атамных станцыях штогод праводзіцца планавы рамонт. У 2022 годзе ён прайшоў і на БелАЭС. Усе работы выкананыя ў штатным рэжыме, у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі наглядных органаў і міжнародных нормаў, пра што паведамлялася неаднаразова», — заявілі ў прэс-службе Мінэнерга.

Таксама прэс-служба ведамства паведаміла, што ўжо завяршаюцца работы па ўвядзенні ў эксплуатацыю другога энергаблока:

«У другім паўгоддзі бягучага года другі энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў прамысловую эксплуатацыю. Станцыя запрацуе на поўную магутнасць, а гэта значыць, што ўжо ў найбліжэйшай будучыні наша краіна зробіць сур'ёзны крок ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі і будзе мець канкурэнтныя перавагі ў забеспячэнні якаснай і даступнай электраэнергіяй», — заявілі ў Мінэнерга.

Чытайце таксама:

Літоўская разведка: Беларусь і «Расатам» замоўчваюць інцыдэнты на Астравецкай АЭС

Nashaniva.com