У Ізраілі сотні тысяч выйшлі на пратэст супраць судовай рэформы. Што з ёй не так?
Паводле падлікаў арганізатараў, колькасць незадаволеных урадам Біньяміна Нетаньяху і яго судовай рэформай склала каля паўмільёна чалавек. На пратэсную акцыю ў Тэль-Авіве выйшлі каля 200 тысяч.
12.03.2023 / 12:35
Пратэсты супраць судовай рэформы ў Ізраілі ідуць са студзеня.
Сотні тысяч ізраільцян у суботу, 11 сакавіка выйшлі на дэманстрацыі супраць урада прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху і спрэчнай рэформы судовай сістэмы, якую ён прасоўвае. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, у некаторых гарадах была зарэгістраваная рэкордная колькасць удзельнікаў, піша DW.
Толькі ў Тэль-Авіве ў акцыях узялі ўдзел каля 200 тысяч чалавек, у Хайфе — каля 50 тысяч. Мітынгі прайшлі таксама ў Іерусаліме, Беэр-Шеве, Эйлаце і шэрагу іншых гарадоў. Паводле арганізатараў, агулам па ўсёй краіне пратэставалі каля паўмільёна чалавек.
Нягледзячы на размах пратэстаў, дэманстрацыі прайшлі без сур'ёзных сутыкненняў з паліцыяй. У Тэль-Авіве былі затрыманыя некалькі пратэстоўцаў падчас спробы заблакаваць трасу.
Масавыя пратэсты не сціхаюць трэці месяц запар
З пачатку студзеня Ізраіль ахапілі масавыя пратэсты — гэта адбылося адразу пасля таго, як да працы прыступіў новы ўрад на чале з Біньямінам Нетаньяху, які эксперты называюць самым правым у гісторыі краіны. Нетаньяху ўзяў стырно праз паўтара года знаходжання ў апазіцыі. Ён абапіраецца на падтрымку ультраправых і ультраартадаксальных партый.
Адной з самых рэзанансных ініцыятыў новага Кабінета міністраў стала судовая рэформа, прапанаваная кіраўніком Мінюста Ярывам Левіным. Новаўвядзенні павінны пашырыць паўнамоцтвы Кабінета міністраў па адборы суддзяў Вярхоўнага суда і абмежаваць паўнамоцтвы гэтага судовага органа па накладванні вета на законы.
Кнесет — парламент Ізраіля — ухваліў адпаведны законапраект у першым чытанні 20 лютага. Асноўныя элементы спрэчнай рэформы могуць прайсці канчатковае чытанне ў парламенце на наступным тыдні, паведамляюць ізраільскія СМІ.