«Пад уражаннем ад пачутага я проста ментальна сарвалася». Украінская тэнісістка не выйшла на матч супраць Арыны Сабаленка
Леся Цурэнка пракаментавала адмову ад матча супраць беларускі Арыны Сабаленка ў трэцім крузе турніру ў Індыян-Уэлсе, піша «Трыбуна».
13.03.2023 / 11:22
«Прычынай адмовы стала панічная атака. Афіцыйна будуць напісаны «асабістыя прычыны», але фактычна гэта праблемы з дыханнем і, можна сказаць, істэрыка», — сказала Цурэнка.
Яна распавяла, што некалькі дзён таму мела размову з СEO Жаночай тэніснай асацыяцыі Стывам Сайманам і была цалкам шакаваная тым, што пачула. «Пад уражаннем ад усяго гэтага я проста ментальна сарвалася, шчыра кажучы», — сказала яна.
«Ён сказаў мне, што вайну не падтрымлівае, але калі гульцы з Расіі і Беларусі яе падтрымліваюць, то гэта толькі іх уласнае меркаванне, і яно не павінна мяне засмучаць. <…>
Акрамя таго, ён выказаў упэўненасць, што расіяне і беларусы вернуцца на Алімпіяду, і сказаў, што гэта адбудзецца менавіта так, як адбываецца цяпер у тэнісе. Таксама ён сказаў, што «фэйр-плэй» і алімпійскія прынцыпы не парушаныя, а якраз наадварот. <…>
Я была зусім шакаваная гэтай гутаркай, і ўжо ў мінулай гульні было неверагодна складана гуляць, складана сабрацца і сёння. У мяне пачалася панічная атака, я проста не змагла туды выйсці».