«Мы сядзелі побач і ніякіх заяў не рабілі». Журналіст пра абсурдныя абвінавачанні ў адрас Генадзя Мажэйкі
Мінскі гарадскі суд 15 сакавіка аднавіў пасяджэнні з удзелам журналіста Генадзя Мажэйкі. Працэс перыядычна перарываецца на разнастайныя «экспертызы», хоць, як лічаць калегі палітзняволенага, прасцей апытаць непасрэдных сведак ягонай недатычнасці да інкрымінаваных артыкулаў, піша БАЖ.
15.03.2023 / 10:22
Працэс над экс-карэспандэнтам газеты «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзем Мажэйкам пачаўся 1 снежня 2022 года. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»). Сукупна яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
На разгляд справы прызначана суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо мае досвед кантактавання з прадстаўнікамі СМІ: летась у верасні яна асудзіла на 8 гадоў былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну.
Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады» (пазней замянілі на «абразу Лукашэнкі»).
Падставай стала драматычная гісторыя, якая за два дні да таго здарылася ў Мінску. 28 верасня ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Systems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца ўзброеныя байцы КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.
Па слядах трагедыі карэспандэнт «Комсомольской правды» в Беларуси» пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая цёпла згадала пра сябра дзяцінства. Гэтага аказалася дастаткова для наступстваў: на распараджэнне Міністэрства інфармацыі сайт kp.by быў заблакаваны, а дзейнасць беларускай рэдакцыі паралізаваная за «гераізацыю тэрарыста».
Генадзь Мажэйка спрабаваў праз Расію вылецець у трэцюю краіну, але супрацоўнікі ФСБ яго ўжо чакалі. Журналіста затрымалі і перадалі беларускім сілавікам. Спачатку яго змясцілі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання, пасля перавезлі ў жодзінскую турму № 8, а ўрэшце зноў перавялі ў сталіцу — ад канца 2021-га ён у СІЗА № 1. Праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным зняволеным.
Але ўжо за кратамі акцэнты «вінаватасці» зрушыліся. Журналісту інкрымінавалі абразу Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы выбарцаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім у верасні 2020 года. На дыктафонным запісе чуваць мужчынскі голас, які эксперты Следчага камітэта прыпісалі Генадзю Мажэйку. Пазней дзяржабвінаваўца працытаваў тыя выказванні: «Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта звар’яцелы вырадак!»
Пры тым шматлікія калегі ды ўдзельнікі сустрэчы пацвярджаюць: карэспандэнт займаўся сваёй працай і ў дыскусіях не ўдзельнічаў. У прыватнасці, Алесь Пілецкі, які на той момант меў афіцыйную акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў і рабіў рэпартаж для «Радыё Свабода», быў поруч з Генадзем Мажэйкам, і той «нічога не выкрыкваў».
«Пра Гену — так, магу пацвердзіць, што гаварыў і раней. Усю тую сустрэчу з Варанецкім у мікрараёне Лошыца сядзелі з Генам побач. Гэта было ўвосень 2020-га, якраз падчас масавых пратэстаў. Дэпутат шмат чаго ад людзей пачуў і, здаецца, ледзьве не расплакаўся. Мы рыхтавалі свае рэпартажы проста на месцы і ніякіх заяў не рабілі, гэта дакладна. Думаю, дэпутат Варанецкі таксама пацвердзіць. Але як ні капалі следчыя пад Мажэйку, як ні шарсцілі ўсё, што толькі можна, відаць, нічога лепшага так і не знайшлі», — выказаўся ў размове з БАЖ Алесь Пілецкі.
Адвакатка Генадзя Мажэйкі Лізавета Мацвеева таксама зазначала, што мае відэа з сустрэчы, дзе выразна відаць: журналіст не бярэ ўдзелу ў абмеркаванні, а фразу, якую палічылі «абразай», прамаўляе іншы мужчына. Аднак неўзабаве юрыстку пазбавілі ліцэнзіі, аргументы «абнуліліся».
У канцы снежня 2022-га на стадыі допыту сведак быў аб’яўлены перапынак для дадатковых «экспертных даследаванняў». Згодна з тэкстам абвінавачання, Генадзь Мажэйка, «праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года да кастрычніка 2021-га ўчыніў шэраг злачынстваў».
Такія высновы тычыліся як заключэння камісіі псіхолагаў і лінгвістаў адносна зместу артыкула пра праграміста Андрэя Зельцэра, так і відэа з удзелам дэпутата Валерыя Варанецкага. Выказванні, якія ўпарта прыпісваюць журналісту, бок абвінавачання расцаніў як «непрыстойныя і недапушчальныя». «Падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль», — гаворыцца ў матэрыялах справы.
Сёлета 27 лютага суд па справе экс-журналіста «Комсомолки» аднавіўся. Але зноў была ўзятая двухтыднёвая паўза «дзеля высвятлення іншых акалічнасцяў». Праз два тыдні ўдзельнікаў зноў вяртаюць у працэс.
Сам 40-гадовы фігурант выстаўленыя абвінавачанні лічыць абсурднымі і віны ні па адным з інкрымінаваных артыкулаў не прызнаў.