У Польшчы выкрылі шпіёнскую сетку Расіі, якая планавала дыверсіі

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ліквідавала шпіёнскую сетку, якая працавала на Расію і павінна была здзяйсняць падрыхтоўку да дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы. Пра гэта са спасылкай на крыніцы піша RMF FM.

15.03.2023 / 19:40

Фота ілюстрацыйнае

У рамках расследавання супрацоўнікі АУБ затрымалі шэсць чалавек, а на чыгуначных шляхах і аб'ектах нацыянальнай крытычнай інфраструктуры з-за дзейнасці сеткі была абвешчана трывога. Затрыманыя з'яўляюцца іншаземцамі «з-за ўсходняй мяжы», якія, як меркавалася, працавалі на расійскія спецслужбы.

Агенты АУБ затрымалі іх у сувязі з выяўленнем схаваных камер на важных маршрутах і чыгуначных вузлах, якія фіксавалі рух на шляхах і перадавалі выявы ў сетку.

Паводле інфармацыі, атрыманай RMF FM, гаворка ідзе перш за ўсё пра ўчасткі чыгуначных шляхоў у Падкарпацкім ваяводстве — у прыватнасці, каля аэрапорта ў Ясёнцы непадалёк ад Жэшува. Гэты аэрапорт — галоўны транзітны пункт для паставак заходняй зброі і боепрыпасаў для Украіны. Камеры таксама былі ўсталяваныя ў іншых частках Польшчы.

У сувязі са спецаперацыяй супрацоўнікі службаў і паліцыі прыведзены ў стан павышанай гатоўнасці. Асаблівую ўвагу праваахоўнікі надаюць бяспецы стратэгічна важных чыгуначных шляхоў у Польшчы, а таксама ўзмоцненай ахове ключавых аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. 

Чытайце таксама:

Былы ахоўнік пасольства Брытаніі ў Берліне атрымаў 13 гадоў за шпіянаж на карысць Расіі

У Германіі затрымалі немца за шпіянаж на карысць Расіі

У Польшчы будуць судзіць беларуса і расіяніна за шпіянаж на карысць Расіі

Nashaniva.com