Палітзняволены блогер Ігар Лосік здзейсніў спробу суіцыду ў калоніі — праваабаронцы
Абноўлена
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю з некалькіх крыніц пра тое, што Ігар Лосік у ШІЗА наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Ігара выратавалі і адправілі ў медсанчасць.
20.03.2023 / 10:36
Апошні раз адвакат бачыў Ігара Лосіка ў калоніі ў сярэдзіне лютага.
Цяпер ягоныя адвакат і бацька збіраюцца тэрмінова ехаць у калонію.
Як стала вядома «Свабодзе», 10 сакавіка адвакату не дазволілі сустрэцца з падабаронным. Прычынай назвалі тое, што палітвязень не напісаў загадзя заяву на сустрэчу з адвакатам, а ў той момант нібыта знаходзіўся на працы, і адрываць ад яе зняволеных нельга.
Адвакату паведамілі, што Ігар працуе, з ім усё ў парадку, яму перададуць, каб пісаў лісты бацькам: «маўляў, Ігар хутка напіша».
Бацькі Ігара Лосіка ўжо месяц не атрымліваюць лістоў ад сына.
Раней Ігар даведаўся, што на спатканне з ім ягоныя бацькі не змогуць прывезці дачку Паўлінку, і вельмі засмуціўся праз гэта.
Вядомаму блогеру Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага».
Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і Лосік.
Чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Чытайце таксама:
КДБ унёс Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка ў спіс тэрарыстаў
«Хрысціянская візія» звярнулася да Папы з просьбай паспрыяць вызваленню Дар’і і Ігара Лосікаў