Канстанцінопальскі патрыярхат падпісаў пагадненне з Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў
Размова падчас візіту ішла аб заснаванні мясцовай структуры Сусветнага патрыярхату. Сустрэча скончылася падпісаннем дакументаў, піша «Радыё Свабода».
23.03.2023 / 10:50
Храм святога Мікалая на Лукішках. Фота radzima.org
Візіт Сусветнага (Канстанцінопальскага) патрыярха Варфаламея ў Вільню скончыўся падпісаннем пагаднення з літоўскімі ўладамі. Пагадненне прадугледжвае канкрэтныя крокі па інстытуцыялізацыі ў краіне структур Сусветнага патрыярхату, адкрываючы для іх магчымасці будаваць і бязвыплатна арандаваць у дзяржавы храмавыя памяшканні, ажыццяўляць місіянерскую, адукацыйную і дабрачынную дзейнасць.
Клірыкі Сусветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі ж прававы статус, як і святары іншых традыцыйных канфесій Літвы.
Дакумент з Канстанцінопальскім патрыярхатам падпісвала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна падкрэсліла, што рашэнне Сусветнага патрыярхату задаволіць апеляцыю пяці літоўскіх праваслаўных святароў, аднавіць іх рэлігійны статус і прыняць у Царкву-Маці пасля рашэння патрыярха Маскоўскага Кірыла выключыць іх з духавенства, — гэта важны крок у забеспячэнні рэлігійнай свабоды ў Літве.
Таксама яна падкрэсліла, што рашэнне аб вяртанні Экуменічнага патрыярхату ў Літву можа прыняць толькі ён сам. Аднак яна адзначыла, што магчымасць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленнем важная не толькі для праваслаўных грамадзян Літвы грэчаскага і ўкраінскага паходжання, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад развязанай Расіяй вайны, і для беларусаў, якія праз рэпрэсіі на радзіме пераехалі ў Літву.
Падчас паездкі Варфаламей сустрэўся не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з адноўленымі ў сане святарамі і вернікамі.
Раней з просьбай аб заснаванні мясцовай структуры Сусветнага патрыярхату да патрыярха Варфаламея звярталіся розныя нацыянальныя грамады Літвы, у тым ліку беларуская і ўкраінская.
У карыстанне праваслаўных вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні перадалі храм у гонар святога Мікалая на Лукішках. Гэта адзін з нямногіх культавых будынкаў, што гістарычна належалі Праваслаўнай царкве, але не былі перададзеныя ва ўласнасць мясцовай епархіі РПЦ, напісаў напярэдадні візіту ў сваім тэлеграм-канале айцец Аляксандр Шрамко.
Таксама ён паведаміў, што напярэдадні візіту патрыярха Канстанцінопальскага ўпершыню літургія ў саслужэнні святароў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні прайшла ў будынку названага храма.