«Кідаючы смецце, не забудзься рохнуць». У Гомелі расставяць шыльды з выявай свінні

У Савецкім раёне Гомеля хутка з'явяцца незвычайныя шыльды з выявай свінні, якія будуць нагадваць гараджанам пра праблему няправільнай утылізацыі смецця, піша мясцовае выданне «Белка».

25.03.2023 / 23:26

Шыльды камунальнікі расставяць у месцах неарганізаванага адпачынку на прыродзе, а на іх напішуць: «Кідаючы смецце, не забудзься рохнуць». Такім арыгінальным спосабам мясцовыя ўлады спадзяваюцца прыцягнуць увагу тых, хто часта пакідае за сабой смецце, выязджаючы на прыроду.

Першы эксперымент правядуць на тэрыторыі дарогі, якая будуецца са Шведскай горкі ў Любенскі мікрараён. Менавіта там найчасцей можна пабачыць сляды «культурнага» адпачынку на прыродзе, і рэгулярнае прыбіранне не дапамагае.

Устаноўкай згаданых шыльдаў камунальнікі спадзяваюцца, вядома, не вырашыць праблему смецця цалкам, але прынамсі скараціць яго колькасць.

Чытайце таксама:

Гамяльчук паскардзіўся чыноўніку на жудасны смурод з кватэры памерлага суседа. Што яму адказалі?

У Брэсце хочуць рабіць плітку з поліэтыленавых пакетаў

У Мінску перадумалі будаваць завод для спальвання смецця

Nashaniva.com