У віленскай паліцыі не прынялі заяву на імавернага «ціхара», які здымаў удзельнікаў Дня Волі

Актывіст, які сфатаграфаваў падазронага мужчыну з камерай і перадаў «Байполу» інфармацыю пра яго, расказаў працяг гісторыі.

27.03.2023 / 15:39

«Байпол» паведаміў, што 25 сакавіка ў Вільні на святкаванні Дня Волі быў заўважаны мужчына, які стаяў у баку ад удзельнікаў свята і здымаў іх на відэакамеру. Па іх інфармацыі, гэта былы міліцыянер.

Сёння беларускі ўцякач (яго імя вядома Рэдакцыі), які і заўважыў меркаванага «ціхара», паспрабаваў напісаць заяву на яго.

«Прыйшоў у паліцыю. Кажу: хачу напісаць заяву аб шпіянажы на грамадзяніна Беларусі, былога супрацоўніка міліцыі, які здымаў удзельнікаў беларускай акцыі 25 сакавіка, — ён перадае інфармацыю беларускім спецслужбам.

Мне ў адказ: «Вы пацярпелі?» Я кажу яшчэ раз, што сэнс не ў гэтым, а ў тым, што ён здымаў твары ўдзельнікаў акцыі, і тыя з іх, хто пасля прыедзе ў Беларусь, атрымаюць у плечы крыміналку.

У адказ мне сказалі, што ніякіх неправамерных дзеянняў гэты чалавек не рабіў, здымаць на вуліцы ў нас, маўляў, не забаронена. Таму давайце яшчэ раз: вы ад яго пацярпелі? Не? Ну ўсё», — расказаў актывіст. Звяртаўся ён у аддзяленне па вуліцы Завальнай (Піліма).

«Байпол» сцвярджае, што выявіў на Дзень Волі ў Вільні «ціхара» з камерай

Nashaniva.com